Мова Гомель спрабуе разабрацца ў тонкасцях гараскопа і запрашае ў невялікае падарожжа па свеце астралогіі.
“Зоркі кіруюць людзьмі, а зоркамі кіруе Бог”
Агульна вядома, што Францыск Скарына – гэта наш першадрукар, філосаф і гуманіст. Але Скарына быў яшчэ паэтам, перакладчыкам, медыкам, матэматыкам, алхімікам і… астраномам-астролагам. Ці возьмем Сімяона Полацкага – царкоўнага і грамадскага дзеяча, паэта, філосафа, педагога і прапаведніка, які пры гэтым быў і таленавітым астролагам.
У ранейшыя часы астралогія была добрым сродкам, каб зарабіць. Астролагі пры гэтым мелі розныя спецыяльнасці: былі філосафамі, фізікамі, матэматыкамі, медыкамі і так далей, то бок мелі веды ў вельмі розных галінах, а таму маглі паспяхова кансультаваць і працаваць пры дварах. Нават лічылася, што кожны добры матэматык павінен абавязкова мець і астралагічныя веды.
Астролагі на нашай тэрыторыі шчыльна працавалі ад пачатку 15 стагоддзя. Вось што піша беларуская астролаг Наталля Сліж у сваім артыкуле “Астралогія ў шляхецкім асяроддзі Вялікага Княства Літоўскага ў XVІ–XVІІ стст”:
– Астралогія паступова стала набіраць папулярнасць у Вялікім Княстве Літоўскім з XV ст. Навука была вядома ў коле духавенства, шляхты, медыкаў, мяшчан. Шляхта звярталася да астролагаў з рознымі запытамі: скласці гараскоп свой ці дзяцей, зрабіць прагноз на год, атрымаць кансультацыю датычна падзеі і інш. У сваю чаргу, астролагі таксама імкнуліся атрымаць заможных кліентаў, што прыносіла не толькі ганарары за кансультацыі, але і фінансаванне прагностыкаў і календароў. У тыя часы гэта было самай эфектыўнай “рэкламай”. Шляхта цікавілася астралагічнымі ведамі, паколькі рэлігія не магла адказаць на ўсе пытанні…
Навучалі ж астролагаў пераважна ў Кракаве, пасля яны раз’язджаліся па розных месцах, бо астролагі з Кракаўскай акадэміі ў тыя часы славіліся па ўсёй Еўропе. Мелі сваіх астролагаў і вялікія князі літоўскія. Так, у 15-м стагоддзі вядомым астролагам быў Генрык Багемус (Чэх), які праславіўся сваімі трапнымі прагнозамі, у тым ліку для князя Ягайлы ды яго сыноў.
Парадамі астролагаў цікавіўся вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары, астралагічныя прагнозы якому складаў Мацей Мяхоўскі (Мехавіта), медык і прафесар Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Прагнозы рабіліся, да прыкладу, на канкрэтную падзею, дата каранацыі выбіралася менавіта астролагам і так далей. І хоць у тыя часы былі іншыя тэхнічныя магчымасці, тым не менш таленавітыя астролагі часта рабілі трапныя прагнозы.
– Вядомым аматарам астралогіі быў і Жыгімонт Аўгуст, які таксама цікавіўся магіяй і алхіміяй. Падчас праўлення гэтага манарха цікаўнасць да вылічэння лёсу па зорках значна павялічылася. Па парадзе прыдворнага астролага Прабашчовіча Жыгімонт Аўгуст шматразова адкладаў свой шлюб (як потым выявілася, нешчаслівы) з Кацярынай Габсбург. Жыгімонту Вазе астролагі прадказалі замахі на яго жыццё. Сын Жыгімонта Уладзіслаў Ваза заўсёды прыслухоўваўся да парадаў прыдворных “экспертаў па зорках”, а вось каралевіч Ян Казімір, якога яны ж перасцерагалі не ехаць у Францыю, не паслухаўся, і ў выніку па загаду кардынала Рышэлье трапіў у вязніцу на два гады.
Вылічэнне лёсу па зорках называлі “Боскай навукай”, а шляхціцы, каб звязаць астралогію з хрысціянскім светапоглядам, нярэдка казалі: “Зоркі кіруюць людзьмі, а зоркамі кіруе Бог”.
Гараскоп і “чыстая матэматыка”
Што такое гараскоп і як ён паўстае – гэта складаныя пытанні. Напэўна, усе мы ведаем, што ёсць 12 знакаў задыяка, якія залежаць ад Сонца, і якія пачынаюцца ад знака Авен і заканчваюцца на знаку Рыбы. Але, кажуць астролагі, не гэта мае значэння.
Тры рэчы, якія кіруюць чалавекам, гэта пазіцыя асцэндэнта і планета, якая ім кіруе, пазіцыя Сонца і пазіцыя Месяца. Ёсць яшчэ 10 планет і 12 дамоў (няроўных сектараў, на якія падзеленая нябесная сфера). Разабрацца з усім гэтым непадрыхтаванаму розуму сапраўды цяжка, таму лепш паслухаць расповед астролага Наталлі Сліж:
Кароткі даведнік: Асцэндэнт – гэта знак задыяка, які ў момант нараджэння чалавека падымаецца на ўсходнім гарызонце. Асцэндэнт вызначае так званы “першы дом”. Гэта кропка адліку жыцця чалавека, адзін з галоўных паказальнікаў асобы і яе патэнцыялу. Але нашым асцэндэнтам кіруе нейкая планета. І вось кіроўная планета – самая асноўная планета ў нашым гараскопе.
Што трэба астролагу? Дакладная дата, час (у тым ліку дакладныя хвіліны) і месца вашага нараджэння. На аснове гэтых дадзеных астролаг стварае ваш індывідуальны гараскоп (натальную карту). Можна сказаць, што гэта “чыстая матэматыка”.
У ранейшыя часы астролагі прысутнічалі пры нараджэнні чалавека (напрыклад, сына вялікага князя літоўскага) і фіксавалі ўсе неабходныя дадзеныя. Для гэтага выкарыстоўвалі такі астранамічны інструмент як Астралябія, вядомы з часоў Старажытнай Грэцыі. Цяпер жа ёсць спецыяльныя анлайн-сэрвісы, якія пры ўводзе сыходных дадзеных адносна вашага нараджэння выдаюць усю інфармацыю, але… памылак не пазбегнуць. Таму, калі вы ўсур’ёз вырашылі заняцца ўласным гараскопам, кіруйцеся да астролага.
Зоркі нам усё вызначылі, і выйсця няма?
Калі мы ўжо ведаем наш гараскоп, а значыць, ведаем пра сябе больш, чым ведалі, і больш арыентуемся ў сваіх дзеяннях і стасунках з людзьмі, то што далей? Ці ёсць магчымасць уплываць на тое, што нам “зоркі прадказалі”?
Астролагі кажуць, што ёсць, бо гараскоп – гэта толькі “дарожная карта”, якая вызначае ў тым ліку нашы здольнасці і праблемы, але ж ніхто не адмяняў самаўдасканалення. Такім чынам, ёсць шматлікія рэчы, якія мы ў стане змяніць. Існуе нават такая практыка як астракарэкцыя – працэс не хуткі, але магчымы. Так што прадвызначанасць – гэта пытанне спрэчнае, і шмат што залежыць ад моцнай волі самога чалавека. Калідор магчымасцей у нас даволі шырокі. Відаць таму ў ранейшыя часы каралі ды князі мелі сваіх “зорных” кансультантаў, да якіх звярталіся ў важныя моманты свайго жыцця.
Нібыта і ў нашы часы важныя палітычныя рашэнні часам не прымаюцца проста так. У тых жа ЗША даволі распаўсюджаная практыка, калі да астролагаў звяртаюцца людзі, якія кіруюць буйнымі карпарацыямі, мільярдэры і так далей. А ўжо верыць зоркам, ці не верыць – справа выключна асабістая.
Пры публікацыі артыкула выкарыстаныя матэрыялы беларускага астролага Наталлі Сліж, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе:
youtube.com/@natalliaslizh5732