«Дзяцей, у тым ліку беларускіх, у «Артэку» выкарыстоўваюць як жывы шчыт» – былая супрацоўніца лагера пра тое, што сёння ён з сябе ўяўляе

Днямі Вялікабрытанія ўключыла ў санкцыйны спіс Міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк» у Крыме. Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце брытанскага ўрада.

Па заяве англічан, «Артэк» удзельнічае ці «ўдзельнічаў у дэстабілізацыі Украіны ці пагражаў або падрываў тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны».

Вось яшчэ адна цытата з таго ж дакумента, якая тлумачыць прычыну ўвядзення санкцый:

«Многія дэпартаваныя дзеці перасяляюцца ў сетку лагераў перавыхавання ў незаконна анексаваным Крыме і на мацерыковай частцы Расеі, дзе яны атрымліваюць арыентаванае на Расею акадэмічнае, культурнае, патрыятычнае і вайсковае выхаванне» (маюцца на ўвазе дзеці, вывезеныя з тэрыторый, якія абстрэльваюцца расейскімі войскамі – рэд).

Нагадаем, на працягу ўсяго лета дзяцей з Беларусі актыўна вывозяць у гэты ж лагер.

Нікога не бянтэжыць ні тое, што наведванне анексаванага Крыма праз тэрыторыю Расеі ва Украіне лічыцца парушэннем закону. І што цяпер ва Украіне Расея вядзе поўнамаштабную вайну. Больш за тое, ніякім чынам ні на арганізатараў, ні на бацькоў тых самых дзяцей, адпраўленых у «Артэк», такое адчуванне, не паўплываў нават паўторны выбух на Крымскім мосце, падчас якога загінулі людзі.

Беларускія дзеці на шпацыры ў “Артэку”

Тым не менш, арганізатары такога «аздараўлення», а ім у Гомелі з’яўляецца «Рускі дом у Гомелі» на ўсе пытанні і прэтэнзіі з нагоды лагера рэагуе выключна агрэсіўна.

«Штодзень» паспрабаваў звязацца з бацькамі некаторых дзяцей, якія цяпер знаходзяцца ў Крыме.

Знайсці іх было нескладана, бо ў абыход усім этычным нормам «Рускі дом у Гомелі» ў сваім тэлеграм-канале адкрыта публікуе дадзеныя гэтых дзяцей – з імёнамі, прозвішчамі, нумарам школы і нават фотаздымкамі школьнікаў.

На жаль, з двума бацькамі, з якімі нам удалося звязацца, канструктыўнага дыялогу не выйшла. Але нават іх кароткія адказы здаліся нам вельмі паказальнымі.

– Яшчэ раз патэлефануйце, я заяўлю на вас у міліцыю. Ваша месца там жа, дзе і ўсім бэчэбэшнікам, – заявіла нам адна маці  падлетка, які зараз адпачывае ў «Артэку».

– Не збіраюся каментаваць. У іх усё добра, не спадзявайцеся, – выпаліў у трубку другі бацька.

Мы вырашылі высветліць, што ж насамрэч цяпер адбываецца ў тым самым «цудоўным» «Артэку», які так заўзята і агрэсіўна прасоўвае ў Беларусі «Рускі дом у Гомелі».

Магчыма, не нашы, а хаця б словы дасведчанага аб сітуацыі знутры чалавека, хоць неяк змогуць раскрыць вочы бацькам дзяцей, якія адпраўляюць іх у «Артэк» гэтым летам.

Прапаганда вайны – звычайная справа ў расейскім “Артэку”. Фота: unian.net

 

«Артэк» стаў прапагандысцкай пешкай рэжыму

Нам удалося звязацца з былой супрацоўніцай «Артэка», якая з дакладных крыніц мае ўяўленне пра тое, якімі прынцыпамі сёння жыве «Артэк», і што там цяпер адбываецца. Сваё прозвішча Ірына просіць не называць з меркаванняў бяспекі. У сваю чаргу, «Штодзень» пераканаўся ў дакладнасці прадстаўленых ёю дадзеных.

Цесныя сувязі з «Артэкам» я падтрымлівала ажно да 2014 года. Пасля гэтага амаль усе, хто падтрымліваў Украіну, падпалі пад звальненні і працаваць там не змаглі. Асабіста ведаю супрацоўніцу «Артэка», якая прысвяціла яму ўсё сваё жыццё, але яе выкінулі з-за падтрымкі Украіны, – распавядае жанчына. – У маю бытнасць большасць дзяцей у «Артэку» былі ўкраінцамі. Так, канешне, было шмат дзяцей і з іншых краін, але іх працэнт быў нашмат меншым. У нас ніколі не было саветчыны... Лагер быў вельмі прагрэсіўным – мы рэальна выхоўвалі ў дзецях ідэі міру і сяброўства…

Усё, што я бачу і даведаюся аб «Артэку» зараз, уводзіць мяне ў шок. На лінейках, якія там праходзяць, прапагандуюць любоў да Расеі і павагу да расейскіх вайскоўцаў… На мерапрыемствах дзяцей апранаюць у ваенную, у тым ліку савецкую форму, праводзяць ваеннае выхаванне, вучаць страляць.

Таксама я ведаю, што цяпер актыўна папулярызуюць ідэю, каб у «Артэк» прывозілі дзяцей з самых розных краін. Прычым чым шырэй геаграфія, тым для іх – арганізатараў – лепш. Такім варварскім чынам яны выкарыстоўваюць дзяцей, як жывы шчыт і прапагандуюць ідэю «справядлівай акупацыі» тэрыторыі Крыма.

– Няўжо супрацоўнікі «Артэка» на ўсё гэта ідуць свядома? – цікавімся меркаваннем суразмоўніцы.

Усіх разумных людзей са сваім меркаваннем там, напэўна, ужо няма. Пасля першых дзён вайны, калі загінула ў тым ліку шмат украінскіх дзяцей, яны ўсе дружна выставілі на сваіх аватарках у сацсетках расейскія сцягі. Цяжка ўявіць, што ў розумах гэтых людзей. Ведаю, што зверху ім прыходзяць канкрэтныя распараджэнні, якія яны выконваюць. Ім кажуць нават, які статус паставіць у фэйсбуку. Я ведаю гэта ад блізкіх і надзейных людзей, – распавядае суразмоўца.

– Ці лічыце вы, што дзецям у «Артэку» здольныя забяспечыць бяспеку?

– Не, вядома ж. Пытанне аб бяспецы перастала быць актуальным роўна ў той момант, калі з Украіны пад самымі рознымі падставамі (на аздараўленне, ад вайны…) сталі вывозіць украінскіх дзяцей. Іх везлі і ў «Артэк», і ў «Дружбу», і ў іншыя лагеры… «Артэк» стаў памагатым рэжыму… і прапагандысцкай пешкай. Я не магу сказаць пра ўсіх дзяцей. Але дакладна ведаю сем’і з Херсона, дзе маці спачатку адправіла дзяцей у «Артэк», думаючы, што ратуе іх ад абстрэлаў, але потым доўга не магла знайсці канцоў... Ёй адказалі, што вяртаць дзяцей зараз небяспечна. З гэтымі дзецьмі яны зараз могуць рабіць усе, што захочуць…

Беларусаў таксама ж, напэўна, вязуць нібыта аздараўляць. Пытанне ў тым, ці вернуць своечасова гэтых дзяцей дадому?.. Бо, як мінімум, Крымскі мост узарваны. Я б раіла беларускім бацькам слухаць не прапаганду, а здаровы сэнс.


Даведка «Штодзень»

Дакладную колькасць украінскіх дзяцей, якіх можна лічыць прымусова вывезенымі з тэрыторыі Украіны з пачатку вайны, палічыць і знайсці вельмі складана. Як правіла, розныя крыніцы называюць розныя лічбы. У Маскве, напрыклад, заяўляюць, што з пачатку так званай «ваеннай аперацыі з раёнаў баявых дзеянняў былі эвакуяваныя 738 тысяч дзяцей». І гэтых дзяцей, нібыта, першы час сапраўды размяшчалі ў тым ліку ў «Артэку»…

У траўні Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Італію казаў пра 16 тысяч «гвалтоўна дэпартаваных дзяцей». Цяпер лічба павысілася да 19 тысяч. Самая складаная сітуацыя – з дзецьмі з дзіцячых дамоў. Іх вярнуць складаней за ўсё. Паводле некаторых украінскіх ацэнак, з усходу Украіны было вывезена прыкладна дзве тысячы такіх дзяцей. У канцы вясны Кіеў даў справаздачу, што вярнуць змаглі каля 300 дзяцей.

Штодзень 
Фота: “Рускі дом у Гомелі”

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў