HomelDays_Logo_Main-mobil

“Дзе вы, людзі?”: Дзяржпрадпрыемства шукае працаўнікоў у Рэчыцы праз сацсеткі

З дэфіцытам кваліфікаваных супрацоўнікаў сутыкнуўся прадстаўнік дзяржпрадпрыемства і вырашыў шукаць іх у сацсетках. Каментароў было шмат, але, даведаўшыся падрабязнасці, большасць адмовілася. Былі ў каментарах і пытанні: “Ці бераце экстрэмістаў?”

Калаж. Аўтар: “Штодзень”

“Гомель, Рэчыца! Апошнім часам часта трапляюцца допісы пра складанасці з працаўладкаваннем і нізкія заробкі: а ў мяне супрацьлеглая праблема! Дзе вы, людзі? Аддзел кадраў дасылае мне абы-каго. Патрэбныя проста адказныя, кемлівыя мужыкі з рукамі”, – напісаў аўтар допісу.

Ён прапанаваў працу ў Рэчыцы на дзяржаўным прадпрыемстве з афіцыйным працаўладкаваннем і магчымасцю атрымання службовага жытла, варыянты як са здзельнай аплатай, так і акладамі. Вакансіі ёсць і для рабочых, і для інжынерна-тэхнічных работнікаў. Заробак — 2 тыс., 3 тыс.

Найбольш пытанняў у каментарах ад жанчынаў. “Якраз шукала працу ў Рэчыцы апошнія паўгода. Якая сфера дзейнасці вашага прадпрыемства і якія ёсць вакансіі для жанчын?” – запыталася каментатарка.

“Мне здаецца, пра працу больш дзяўчаты гавораць, а не хлопцы. Для апошніх яшчэ не ўсё так сумна”, – дадала другая.

“Вам на працу толькі мужыкі патрэбныя? Для дзяўчат вакансій няма?” – запыталася трэцяя. А сам аўтар прызнае: “Ёсць і для жанчын, але, на жаль, яны крыху менш аплатныя”. “Сумна гэта”, – лічыць іншы каментатар.

“З якога часу дзяржаўнае прадпрыемства шукае людзей у Threads? Можна, калі ласка, даведацца назву вашага прадпрыемства?” – запыталася К.С.

Аўтар аднак адказваў усім толькі ў прыват.

“Нашы вакансіі размешчаныя на сайце Рэспубліканскага банка вакансій, але я не ўпэўнены, што кадры адказваюць і праводзяць сумоўі з усімі кандыдатамі. Калі шукальнік падыходзіць, я асабіста за ручку завяду кожнага годнага чалавека ў кадравую службу і пракантралюю, каб пра яго не “забыліся на пыльнай паліцы”, – паабяцаў ён.

“Экстрэмістаў бераце? А-а-а-а… Вы ж дзяржпрадпрыемства”, – напісаў А.С. Пры гэтым ён лічыць, што аўтар допісу не ўпаўнаважаны адказваць на такія пытанні.

У рэшце той падзяліўся наступнай статыстыкай за суткі: больш за 10 тыс. праглядаў, больш за 200 адказаў у асабістыя паведамленні, больш за 80% тых, хто цікавіцца, — жанчыны, 90% мужчын, якія зацікавіліся вакансіямі, хочуць працаваць як інжынерна-тэхнічныя работнікі.

Тэлефон для далейшай сувязі папрасілі 5 чалавек, з іх трое хочуць працаваць ІТР за меншыя грошы. На працу рабочым за 3,5 тыс.+ пакуль не адгукнуўся ніхто.

“Выснова? Мужчыны, на жаль, не хочуць зарабляць… А самая высокааплатная праца не патрабуе асаблівых навыкаў, толькі прамых рук”, – лічыць аўтар допісу.

А яшчэ, магчыма, усё ж не ўсе хочуць працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве з усімі абмежаваннямі, звязанымі з гэтым.

Штодзень

Слайдар пастоў