Дробныя радасці рабоў

На Гомельшчыне распачалося чарговае “Працоўнае лета” – пра гэта я даведалася ад суседкі Максімаўны, сустрэўшы тую па шляху з крамы. Жанчына распавядала пра рамантыку будаўнічых атрадаў часоў СССР, і як на будоўлі цялятніка ў далёкім саўгасе пазнаёмілася з будучым мужам. Нядоўгая гісторыя была прыпраўленая ўспамінамі аб запечанай на вогнішчы бульбе, начных шпацырах, спевах пад гітару, рыбалцы, вялізных камарах і першых заробленых (няхай і невялікіх) грошах.

Фота: lawtrend

– Гэта ж непаўторны досвед для моладзі! – Максімаўна ўзняла нафарбаваныя бровы. – Часы былі залатыя, так і жылі: з юнацтва да працы прывучаліся, адказнасці і дысцыпліне  вучыліся. Сяброўству! І якасці маральныя гадавалі, і дзяржаве дапамагалі, і час на карысць бавілі, – а потым стала казаць яшчэ гучней, азірнуўшыся на знаёмых прахожых: – Як жа добра, што наш камсамол, ці той БРСМ, гэтыя традыцыі працягвае! Унука майго, Уладзя, у студэнцкі атрад запісалі! Ён жа выдатнік у нас, актывіст! Лепш за ўсіх у тэхнікуме  навучаецца! Сабралі, во, дзетак, на плошчы ды пуцёўкі выдалі. Хто на завод, хто на будоўлю, а хто на мора ў Расію паехаў. Бясплатна! Бач ты! Во як пашчасціла! Яшчэ і грошай сабе на камп’ютары заробяць!

Праз пару дзён я сустрэла ў ліфце Уладзя:

– Ну, расказвай, актывіст, куды адправішся, як табе пашчасціла? Ці многа плаціць абяцаюць?

– Бабуля пахвалілася? –паскроб шыю Уладзь.

– А хто ж.

– Ну… Такое сабе. Не ведаю, як я ў той атрад патрапіў. Расфарміравалі неяк… Сам і не пісаў нічога…

– Ад БРСМ-у?

– Мабыць, – кіўнуў хлопец.

– Дык мо і ў БРСМ не ведаеш, як патрапіў?

Уладзь засмяяўся:

– Як усе патрапіў. Прыходзілі дзядзькі, пра бонусы распавядалі. У кінатэатры і басейны бясплатна хадзіць можна, сэканды і кафэшкі са зніжкай. Квіткі на хакей і канцэрты. Ад вучобы вызваляюць, калі на мерапрыемства якое…

– А ад вас што патрабуецца?

– Узносы раз на паўгода. Некалькі рублёў, дробязь.

Мы выйшлі з ліфта, але я не адчаплялася:

– Дык а сэнс які? Навошта ў той саюз уступаць?

– Я ж толькі што патлумачыў! – вытарашчыў бляклыя вочы Уладзь і бегам паспяшаўся да сяброў, якія чакалі яго на турніках у двары.

Шчыра кажучы, я чакала ад падлетка (актывіста і выдатніка) будзь-якіх слоў пра “ствараць будучыню”, “поўніцца энтузіязмам” і “фантанаваць новымі ідэямі”, але, падобна, акрамя тоўстых пасівелых камсамольцаў, гэтыя  заклікі нікому ў арганізацыі не знаёмыя.

Абыякавыя да сваёй краіны і будучыні падлеткі ідуць у БРСМ па танную каву, дармавыя квіткі і апраўданыя прагулы. Беспрынцыповыя і бязвольныя – яны ўступяць куды заўгодна, каб  прасцей жылося. Ім не трэба думаць – усё прыдумаюць за іх.

Іншых – адказных, самастойных  і  творчых – заганяюць сілай, угаворамі і пагрозамі.

Сёння іх прымушаюць уступаць у БРСМ, заўтра – у камсамол, потым прымусяць адзін аднаго раскулачваць і канцэнтрацыйныя лагеры будаваць.

А выйсці з гэтай арганізацыі, якая не мае ні мэты, ні сэнсу, ні нацыянальнай ці ўвогуле якой-небудзь ідэі (акрамя саўковай ідэалогіі КПСС), бывае ох як цяжка…

А што датычыцца студэнцкіх і будаўнічых атрадаў – з часам спатрэбіцца нямала рашучых, мэтанакіраваных, крэатыўных і сумленных дабравольцаў  – тых, каму не трэба дармавыя  квіткі і піражкі,  тых,  хто будзе будаваць новую, вольную Беларусь і займаць у ёй сваё месца.

Штодзень
Аўтар: Мар’яна Ліс

 

 

 

 

 

 

 

Related posts

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты