“Дэкамунізацыя” вуліцы Жаркоўскага

Ці ведаеце вы, якая гомельская вуліца названа ў гонар цёзкі коціка галоўнага антаганіста з франшызы Смурфікі? І гэта не адзінае цікавае супадзенне, звязанае з дадзеным тапонімам. Каб даведацца больш, чытайце артыкул цалкам.

Колішні клуб афіцэраў. Зараз – адзін з карпусоў Абласной дзіцячай бальніцы па вул. Жаркоўскага

Бадай што кожны гомелец зможа адказаць на пытанне, дзе знаходзіцца вуліца Жаркоўскага. Але мала хто, апроч краязнаўцаў і гісторыкаў, прыгадае ініцыялы таго, у чый гонар вуліца названая. Калі і вашая памяць не дала дакладнага адказу, знаёмцеся: Азрыэль Абрамавіч Жаркоўскі.

Азрыэль Жаркоўскі ў 1-м Гомельскім пралетарскім батальёне
Фота з фонду музея палацава-паркового ансамбля

Большасць гомельскіх вуліц носіць імя асоб, альбо звязаных з рэвалюцыйнымі падзеямі, альбо ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. Як можна здагадацца па фота, наш сённяшні герой належыць да першай катэгорыі.

Азрыэль Жаркоўскі нарадзіўся ў Почапе (горадзе з цікавай гісторыяй, якому давялося па чарзе ўваходзіць і ў Чарнігаўскую, і ў Гомельскую, і ў Бранскую губерні) у 1898 г. У адрозненне ад шматлікіх дзеячаў, што засталіся ў гомельскай тапаніміцы, але ніяк не былі звязаныя з нашым горадам, Жаркоўскі з 1915 года жыў у Гомелі. Член КПСС, сакратар Гомельскага савета прафсаюзаў. У траўні 1919 добраахвотнікам уступіў у 1-ы Гомельскі пралетарскі батальён і быў накіраваны на Заходні фронт. Загінуў 13 чэрвеня 1919 года ў в. Петрушанцы Баранавіцкага раёна. У 1923 годзе, у гонар 25-годдзя РКП(б), вуліца Аптэчная была перайменавана ў вул. А.А. Жаркоўскага.

Але не звычайная для тых часоў біяграфія прыцягнула нашую ўвагу, а наяўнасць на вуліцы Жаркоўскага двух дзіцячых устаноў – Абласной клінічнай бальніцы і музычнай школы мастацтва №1.

Дзіцячая музычная школа мастацтва №1 імя П.І. Чайкоўскага

Самога Азрыэля Абрамавіча, здаецца, нічога не яднае а ні з дзецьмі, а ні з музыкай. Але некалькі цікавых супадзенняў, пры наяўнасці вельмі рэдкага імя і прозвішча, немагчыма не пабачыць.

Імя Азраэль (адна з формаў імені Азрыэль) можна сустрэць у дзіцячых творах (мультсерыял, коміксы і фільмы) пра Смурфікаў. Так завуць ката Гаргамеля – алхіміка, галоўнага антаганіста пазітыўных гномаў, створаных бельгійскім мастаком П’ерам Кюліфам яшчэ ў 1950-х гадах.

З музычнымі супадзеннямі ўсё яшчэ цікавей. Былі кампазітары з прозвішчамі, адпаведна, Азрыэль і Жаркоўскі!

Андрэ Азрыэль – аўстрыйска-нямецкі кампазітар (1922–2019). У першую чаргу вядомы палітычнымі творамі (ідэямі камунізму і сацыялізму ў ХХ ст. былі апантаныя асобы ў розных краінах). Але значны ўнёсак ён зрабіў і ў гісторыю кіно (больш за 30 стужак былі агучаны творамі Азрыэля). Ствараў шансон, балады, камерную і інструментальную музыку, а таксама джаз.

Андрэ Азрыэль

Яўгеній Жаркоўскі (1906–1985) нарадзіўся ў Кіеве. Скончыў музычны інстытут і кансерваторыю. Большасць твораў маюць ваенна-патрыятычны карунак (што тыпова для савецкіх недзіцячых кампазітараў), але працаваў і ў жанры аперэта. Актыўна супрацоўнічаў з музычным калектывам Л. Уцёсава. Падчас вайны служыў афіцэрам на Паўночным флоце. Пад уражаннем ад падзей стварыў музыку да сотні ваенных песен, найбольш вядомая – «Прощайте, скалистые горы»

 

Яўгеній Жаркоўскі

 

 

Канешне, было б куды лепей, каб галоўная дзіцячая музычная школа Гомеля знаходзілася на вуліцы Агінскага ці Мулявіна. Але маем тое, што маем. І цяпер, праходзячы ўздоўж гэтае ўстановы, маеце падставу думаць, што нейкую музыкальнасць назва вуліцы ўсё ж нясе. А пераглядваючы смурфікаў, можаце ўсміхнуцца, б цяпер вы ведаеце, што ёсць у іх нешта, што можа нагадаць пра Гомель.

Штодзень

Related posts

Пацвердзілася гомельскае паходжанне сям’і знакамітай балерыны Плісецкай

Гімн ад дылетанта

Любімая рэзідэнцыя Лукашэнкі стваралася па ўзоры “дваранскага гнязда” Кяневічаў