Дэфіцыт кадраў: Дэпартамент выканання пакаранняў не можа знайсці супрацоўнікаў для беларускіх “хімій”, ЛПП і калоній

Дэфіцыт кадраў: Дэпартамент выканання пакаранняў не можа знайсці супрацоўнікаў для беларускіх “хімій”, ЛПП і калоній. Вакансіі выкінулі нават на сайт praca.by, і гэта праліла святло на ўмовы працы, якія звычайна трымаюцца ў сакрэце.

Так, напрыклад, яшчэ з 17 сакавіка ў Мазырскай папраўчай калоніі №20 вісіць вакансія начальніка атрада аддзела папраўчага працэсу. Аналагічная вакансія так званага “атрадніка” ёсць і ў ПК-13 у Глыбокім, і ў ЛПП №1 Светлагорска. Зарплату прапануюць невялікую. У Мазыры, да прыкладу, усяго 1400 рублёў. Пытанне, ці варта яно таго, – пакінем рытарычным.

У Шклоўскай ПК – 17 за працу на такой жа пасадзе, праўда, даюць больш-1500-1700 рублёў. Лекару-тэрапеўту там жа – 2100 рублёў.

Што асабліва цікава, распісваюць і ўмовы працы. Да прыкладу, абяцаюць квартальныя прэміі, матэрыяльную дапамогу, аднаразовую дапамогу на аздараўленне і нават аднаразовую грашовую ўзнагароду за заключэнне кантракту!

Для працы міліцыянтам-атраднікам досвед не абавязковы. Але затое неабходна вышэйшая адукацыя, добры стан здароўя і – галоўнае – высокая псіхалагічная ўстойлівасць. Супрацоўнікаў, якія пражываюць у Магілёве, гатовыя нават вазіць на працу службовым транспартам і прадастаўляць грашовыя кампенсацыі выдаткаў па найму жылля.

З таго ж сайта становіцца вядома, што Магілёўскай ПК-15 не хапае начальніка атрада з заробкам 1300 рублёў, але чамусьці вельмі маладога – ад 18 да 27 гадоў. Бабруйскай ПК-2 не хапае псіхолага, якому гатовыя плаціць 1400-1900 рублёў. Там узрост таксама абмежаваны, але ўжо 35 гадамі.

У віцебскай папраўчай калоніі (“Віцьба”) у вакансіі прапісалі нават падрабязнасці падрыхтоўкі супрацоўнікаў. Так, напрыклад, там сказана, што кандыдатаў на вакансію спачатку адправяць у Мінск, дзе яны змогуць прайсці спецпадрыхтоўку на працягу 12 тыдняў, а на працягу ўсяго гэтага тэрміну ім будуць плаціць стыпендыі. Тая ж калонія шукае і маладога начальніка атрада ва ўзросце да 28 гадоў на заробак 1500-1600 рублёў, абавязкова з вышэйшай адукацыяй. Там жа не хапае псіхолага і рэнтген-лабаранта.

Самая вялікі зарплатны відэлец – традыцыйна ў Аршанскай ВК-12. Прычына – спецыфіка калоніі. Там утрымліваюць асуджаных, хворых на актыўную форму туберкулёзу. За працу ў гэтай калоніі прапануюць 1780-2060 рублёў.

Самая пазітыўная вакансія – ад ПУАТ №3 – бярозаўскай “хіміі”. Там за 1500-1700 рублёў прапануюць «працу з дакументамі ў дружным і згуртаваным калектыве».

Штодзень 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі

У турму за музыку: год, як рагачоўскаму Tor Band прысудзілі вялізныя тэрміны за іх творчасць