Лісіцкі нарадзіўся ў 1890 годзе ў мястэчку Пачынок на Смаленшчыне – рэгіёне, гістарычна цесна звязаным з Беларуссю. Ягоны бацька, Мордух (Марк) Саламонавіч, паходзіў з даўгінаўскіх мяшчан (Даўгінава – аграгарадок у Вілейскім раёйне). Дзяцінства мастак правёў у Смаленску, дзе скончыў рэальнае вучылішча. Потым Мордух Лісіцкі адкрывае краму посуду ў Віцебску, куды і пераязджае ўся сям’я.
Час, праведзены Лазарам у Віцебску, быў для яго лёсавызначальным. Тут ён зацікавіўся мастацтвам і пачаў наведваць школу Юдэля Пэна. Тут ён пачынае сябраваць з Маркам Шагалам.
Каб стаць прафесійным мастком у 1909 годзе юнак спрабуе паступіць у Імператарскую акадэмію мастацтваў Санкт-Пецярбурга. Але яму, як яўрэю, адмаўляюць. І вось ён, парадокс гісторыі: хлопца ахвотна прынялі на архітэктурны факультэт Вышэйшай політэхнічнай школы Дармштата ў Германіі. Як трагічна зменіцца ў гэтай краіне стаўленне да яўрэяў усяго праз некалькі дзесяцігоддзяў…
Атрымаўшы дыплом інжынера-архітэктара, Лісіцкі быў вымушаны вярнуцца ў Расейскую імперыю, бо пачалася Першая сусветная вайна. Каб мець магчымасць працаваць па спецыяльнасці, Лазар паступае ў Рыжскі політэхнічны інстытут, эвакуіраваны ў Маскву.
Але сфера яго зацікаўленасці знаходзіцца не толькі ў гэтым горадзе, але і ва Украіне і Беларусі. Так, у 1916 годзе Лісіцкі ўдзельнічае ў этнаграфічных вандроўках па розных гарадах і мястэчках беларускага Падняпроўя ў пошуку помнікаў яўрэйскай культуры. Пазней, у 1923 годзе, па выніках вандровак былі апублікаваны рэпрадукцыі роспісаў магілёўскай сінагогі і суправаджальны артыкул на ідыш «װעגן דער מאָלעװער שול: זכרונות» (Успаміны аб магілёўскай сінагозе, часопіс «Мілгройм») – адзіная тэарэтычная праца мастака, прысвечаная яўрэйскаму дэкаратыўнаму мастацтву.
У 1919 годзе Лісіцкі прымае запрашэнне Марка Шагала стаць выкладчыкам графікі ў народнай мастацкай вучэнні ў добра знаёмым яму Віцебску. Але праца тут доўжылася толькі год. Справа ў тым, што Шагал быў адэптам прадметнага жывапісу і традыцыйнага яўрэйскага мастацтва. А іншы выкладчык вучэльні – Казімір Малевіч – папулярызаваў уласна створаны напрамак – супрэматызм. Напружанне ў адносінах паміж таленавітымі асобамі нарастае, і ўсе выкладчыкі вымушаны абраць, да каго прымкнуць. Большасць, у тым ліку і Лісіцкі, падтрымлівае Малевіча. У выніку Шагал быў вымушаны пакінуць установу, якую сам і стварыў. Неўзабаве пакідае яе і Лісіцкі, але пэўны час застаецца актыўным удзельнікам створанай Малевічам віцебскай творчай суполкі УНОВІС.
Далейшае жыццё Эль Лісіцкага праходзіла па-за межамі Беларусі. Але ягоны творчы ўнёсак істотна паўплываў на развіццё дызайну і мастацтва ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нашай краіне. Вось некалькі цікавых фактаў пра мастака.
Інжынер па адукацыі, Лісіцкі намагаўся перанесці супрэматызм у архітэктуру (гэтага не зразумеў нават Малевіч, які стварыў супрэматызм як філасофскую катэгорыю чыстага мастацтва). Вынікам сталі праекты гарызантальных хмарачосаў – горада будучыні, дзе забудова мае як мага больш карыснай плошчы пры мінімуме апор. Нават зараз, праз 100 год, будаўніцтва “ляжачых” шматпавярховікаў (напрыклад, The Line ў Саўдаўскай Аравіі) падаецца чымсьці рэвалюцыйным.
Не дзіўна, што большасць архітэктурных праектаў Лісіцкага не былі рэалізаваны, з-за чаго яго пачалі называць “папяровым архітэктарам”.
У 1921 годзе Лісіцкі зноў едзе ў Германію, дзе ягоныя ідэі разумелі значна лепей, чым у СССР. Тут ён разам з Іллём Эрэнбургам (аўтарам аднаго з самых знакамітых мастацкіх твораў пра Гомель – рамана “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца”) заснаваў часопіс “Рэч”. У гэты перыяд ён шмат працуе і становіцца істотнай асобай міжнароднага авангарда.
Эль Лісіцкі змяніў стаўленне да арганізацыі выстаў. Раней увага надавалася толькі таму, што экспануецца. Ён паказаў, што важна і тое, як экспануецца. І гаворка не толькі пра дызайн выставачнай прасторы. На арганізаваных ім выставах, напрыклад, сцены былі апрацаваны такой фарбай, што змянялі колер па меры таго, як наведвальнік перасоўваецца па залі. Адмысловыя люстэркі дазвалялі пабачыць скульптуру з розных бакоў. Прастора, якая задае кірунак і дынаміку агляду, максімальны інтэрактыў – наватарскія ідэі Лісіцкага сталі штодзённасцю для выстаў і музеяў толькі ў ХХІ ст. Для Гомеля ж гэта нават зараз бачыцца чымсьці з будучыні…
Працаваў Лісіцкі і ў галіне паліграфічнага дызайну. Яго праца над выданнем зборніка вершаў Маякоўскага, дзе вокладка, памеры шрыфтоў, плошча запаўнення старонкі і графічныя элементы нібыта падказваюць, як чытаць верш, спалучаюцца са зместам у адзіны комплекс, стала новым словам у паліграфіі.
Апошняй працай Эль Лісіцкага стаў плакат “Дайце больш танкаў” у 1941 годзе. Тады б ніхто не паверыў, што праз шмат год гэты слоган не страціць сваёй актуальнасці. Але гэта ўжо зусім іншая трагічная гісторыя…