Ціск на гомельскіх рокераў

Вядомы ў Гомелі валанцёр, арганізатар канцэртаў і фанат рок-музыкі Ілля Міронаў падзяліўся са “Штоднём” сваімі назіраннямі пра ціск на альтэрнатыўную музычную сцэну Гомеля и вобласці.

Па рок-музыцы Беларусі пракацілася некалькі хваляў рэпрэсій у апошнія гады. Ціск на музыкаў узрастае пасля падзей лета 2020 года, працягваецца дагэтуль. Літаральна некалькі дзён таму з ІЧУ павінен быў выйсці вядомы музыкант, вакаліст гурта “Бан-Жвірба” Дзмітрый Гаўрылін, але адбылося судовае пасяджэнне і яго пакаралі наступнымі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Аднак ціск на музыкаў “Бан-Жвірбы” — гэта не адзіны прыклад пераследу.

Гурт “Бан Жвірба”

У лютым 2021 года да 3 гадоў пазбаўлення волі быў асуджаны гітарыст Аляксей Губіч. Хлопца асудзілі паводле артыкула 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў.

Аляксей на акцыі пратэсту ў Гомелі, 16 жніўня 2020 года

Згодна версіі абвінавачання, Аляксей нібыта “штурхнуў” інспектара міліцыі Шапавалава падчас акцыі 20 верасня ў Гомелі. Калі на закрытым судовым пасяджэнні праглядалі відэа з моманту падзення міліцыянта, высвятлілася, што Аляксея тады не было побач. Тады маладзёна абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да ананімнага супрацоўніка АМАП, якому музыка нанёс “не менш” аднаго ўдару. Нягледзячы на абсурднасць абвінавачання, Аляксей Губіч быў прызнаны вінаватым.

У красавіку 2021 года пачалося следства ў дачыненні да вядомага гомельскага музыкі, лідара гурта GODS TOWER, Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife). Яго абвінавацілі  быццам бы ў абразе прадстаўніка ўлады (тагачаснага старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя). У ліпені 2021-га суд вынес вырак: 3 гады “хіміі”. Пасля гэтага Уладзіслаў быў вымушаны выехаць у бяспечную краіну.

Уладзіслаў Наважылаў падчас выступу Gods Tower

 

Крысціна Чаранкова

Крысціну Чаранкову, вакалістку панк-рок групы VIKT(A)R XOI з Мазыра, больш вядомай як Kita, Гомельскі абласны суд адправіў за краты на 2 гады 6 месяцаў за яе грамадзянскую пазіцыю. Яна актыўна выступае супраць фашызму і дыскрымінацыі па расавай і іншых прыкметах. Лінгва-псіхалагічная і іншая экспертыза паказала, што ў пастах Крысціны няма складу злачынства, а толькі негатыўныя адценні ў выказваннях пра сілавікоў.

Ветэрынар з Зябраўкі Яўген Глушкоў, якога затрымалі па падазрэнні ў “шпіянажы на карысць Украіны”, у 2012 годзе быў музыкам у складзе ўкраінскага рок-гурта “Діти Неба”. За фота аэрадрому, дзе размяшчаліся расейскія войскі, Яўгена абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і прысудзілі 9 год калоніі.

У кастрычніку 2022 года былі затрыманыя музыкі з рагачоўскай групы Tor Band, якія правялі ў сукупнасці больш за 60 сутак ў ІЧУ Жлобіна. Іх песні прыраўнялі да экстрэмісцкіх матэрыялаў (за кожную з іх выносілі асобна 15 сутак). Амаль адразу пасля арышту музыкаў іх ютубканал з мільёнамі праглядаў трапіў пад кантроль сілавікоў, якія прыбралі кантэнт. Пазней у дачыненні да музыкаў пачалі крымінальную справу за “стварэнне экстрэмісцкага фармавання”. Цяпер Tor Band знаходзяцца ў СІЗА Гомель. На мінулым тыдні да музыкаў упершыню патрапіў адвакат.

Кадр з кліпа Tor Band “Жыве Беларусь!”

Таксама ў апошнія часы па “тэхнічных прычынах” сталі адмяняць канцэрты некаторых гомельскіх груп. Спачатку не адбыўся канцэрт групы “Бан-Жвірба”, пазней адмяніўся выступ фолк-гурта “Ягорава гара”.

Акрамя гэтых фактаў, пачатак года мы сустрэлі з новым заканадаўствам, якое датычыць арганізацыі канцэртаў. Згодна новаму заканадаўству, арганізатары павінны ўзгадняць усё (рэпертуар, удзельнікаў груп, праграму і гд) з упраўленнем ідэалогіі пры аблвыканкаме. Паводле майго меркавання, гэта прывядзе да таго, што беларускіх рок-канцэртаў у бліжэйшы час не будзе. Нягледзячы на ўсё гэта, спадзяюся і веру ў лепшае. Калі забараняюць творчасць музыкаў, яны становяцца больш папулярнымі, асабліва ў наш інфармацыйны век.

Асабіста я не змагу больш займацца правядзеннем канцэртаў, паколькі, пасля атрымання статуса “экстрэміст”, не маю права займацца арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў цягам пяці гадоў.

Ілля Міронаў, адмыслова для “Штодня”

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі