У пачатку жніўня ў блогу для “Мова Гомель” я даў інфармацыю пра гомельскую “вавельскую цаглінку” – памятку пра ўклад былых гомельцаў у аднаўленне каралеўскага замку ў Кракаве і шчырую любоў да свайго роднага Гомеля.
Гэты матэрыял выклікаў цікавасць чытачоў, але па старадаўняй беларускай традыцыі падвяргаць усё новае і незразумелае надзвычайнаму скептыцызму і крытыцы, аўтар атрымаў шэраг пытанняў – ці сапраўды на “вавельскай цаглінцы” 1921 г. запісаны менавіта наш Гомель, а не нейкі іншы? Як правільна прозвішча ахвярадаўцаў на рэстаўрацыю – Шыкер ці Шыкера? І хто такі гэты Шыкера, што пра яго вядома? Каб развеяць незразумеласці, зноў вяртаемся да гэтай цікавай тэмы, тым болей, што на днях паступіла новая, раней невядомая, гістарычная інфармацыя.
Адказ на першае пытанне. “Шыкер” — гэта адзіночная форма напісання прозвішча ахвярадаўцаў, ужытая ў вядомай нам крыніцы ў форме “Моніка і Якуб Шыкеры” (“Monika i Jakób Szykierowie”), што было адмыслова ўдакладнена ў польскіх філолагаў.
На другое пытанне: назва горада “Homel” у гістарычных крыніцах заўжды звязана была толькі з нашым беларускім Гомелем, іншых гарадоў з такім гістарычным імем не існуе. Вёска на Віцебшчыне з назвай “Гомель” у дадзеным кантэксце не ўяўляла цікавасці.
На трэцяе пытанне “хто такі Якуб Шыкер?” на момант напісання першага тэксту адказу не было абсалютна ніякага. Гэта была загадка. Аднак пасля публікацыі на аўтара выйшаў польскі этнограф Кшыштаф Браўн (Krzysztof Braun) і падказаў крыніцу з некаторай інфармацыяй пра Якуба Шыкера.
Гэтай крыніцай сталася невялічкая зацемка ў польскамоўнай газеце часоў Першай светавой вайны “Кур’ер Літоўскі” (“Kurjer Litewski”, № 38 за 10 (23) лютага 1915 г., с. 3). Выяву з фрагментам гэтага тэксту пададзена ніжэй, у перакладзе яна паведамляе наступнае:
“Гомель. Стараннем праўлення гомельскага рымска-каталіцкага Таварыства Дабрачыннасці ў Гомелі 24 студзеня (6 лютага) адбыўся канцэрт на карысць Таварыства дапамогі палякам ахвярам вайны пры саўдзеле сіл аматарскіх і таварыства артыстаў аперэты з Каралеўства [Польскага] пад кіраўніцтвам пана Секежыньскага.
Прыбытак з вечара склаў 860 рублёў 15 капеек, чысты прыбытак 664 рублі 71 капейку, які будзе цалкам пераведзены да праўлення Таварыства ў Петраградзе.
Праўленне Таварыства Дабрачыннасці выказвае гэтай публікацыяй сардэчную ўдзячнасць удзельнікам канцэрту, панам і паням Зофіі Гарадэцкай, Ядвізе Фашчоўне, Мар’і Обніскай, Феліксу Пажэрскаму, Марцеляну Радаеўскаму (з Мінска), Сергею Цюфяеву і пану Аляксандру Вагнеру, а таксама ўсім людзям добрай волі, якія спрычыніліся да матэрыяльнага поспеху вечара.
Ад імя праўлення Таварыства Якуб Шыкер, віцэ-прэзідэнт.”
Са зместу артыкула і подпісу пад ім вынікае, што ў 1915 годзе Якуб Шыкер займаў грамадскую пасаду віцэ-прэзідэнта гомельскага рымска-каталіцкага Таварыства дабрачыннасці. Такім чынам, гэтая невялічкая зацемка 1915 г. пацвердзіла слушнасць усіх раней агучаных высноў і чарговы раз пацвердзіла шчырыя пачуцці былых гомельцаў да нашага горада, якія яны перавезлі з сабой на новае месца жыхарства і так кранальна зафіксавалі.
Больш падрабязнай інфармацыі пра Якуба Шыкера і яго сям’ю пакуль выявіць не атрымалася, але ўжо атрыманыя звесткі значна канкрэтызуюць агульны накірунак пошукаў. З дадатковага можна таксама прыгадаць, што, паводле слоўніка “Herbarz polski i iminospis zasłużonych w Polsce ludzi wszystkich stanów i czasów” (Т. ІІІ, Lwow, 1862, s. 132) шляхецкі род “Шыкер” (“Szykier”) гербу “Сестранец” (“Siestrzeniec”) колісь меў спадчынныя маёнткі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага (“dziedziczył niegdy na Litwie”). Ці быў наш Якуб Шыкер прадстаўніком гэтага роду покуль не вядома, але верагоднасць досыць вялікая.
Прыклад памяці сям’і Шыкер пра свой любімы Гомель не з’яўляецца нейкім адзінкавым выпадкам. Шмат хто з былой гомельскай польска-каталіцкай дыяспары, якія выехалі з нашага горада ў Польшчу пасля рэвалюцыі і Першай светавой вайны, захоўвалі свае пяшчотныя пачуцці да свайго пакінутага назаўжды Гомеля. Яны нават выдавалі свой часопіс “Jak to u nas” (“Як то ў нас”) з выявай помніка Юзэфу Панятоўскаму (які стаяў да 1922 г. стаяў у Гомелі). Тут варта заўважыць, што тэма наяўнасці польскай меншасці ў Гомелі пачатку ХХ ст. і яе дзейнасць абсалютна недаследаваная. А яна магла б дапамагчы выявіць і актуалізаваць шматлікія невядомыя крыніцы па гісторыі Гомеля і ўсяго рэгіёна. Гэта вельмі цікавая і перспектыўная тэма, засталося толькі знайсці ахвочага даследчыка, які б узяўся яе падняць – навучыцца польскай мове, ездзіць па архівах Беларусі, Польшчы, Расеі, працаваць з успамінамі і мемуарамі былых гомельцаў. Можа хто з чытачоў возьмецца?
Дарэчы, цікава, што зацемка ў “Кур’еры Літоўскім” пададзена ў рубрыцы “Правінцыя”, у якой навіны з Гомеля ідуць пад яго назвай, затое тут жа ў раздзеле “З Русі” (“Z Rusi”) ідзе навіна з Кіева, а ў раздзеле “З Расеі” (“Z Rosji”) ідзе шэраг навін з тэрыторыі ўласна самой Расеі (Петраград і іншыя). Гэта сведчыць, што ў польскамоўным асяродку на ўсходніх тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай у пачатку ХХ стагоддзя газетныя журналісты дастаткова добра разбіраліся ў гістарычнай геаграфіі рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, і ведалі, дзе была гістарычная Русь, аддзяляючы яе ад тагачаснай тэрыторыі ўласна Расеі. Гэта такое спецыфічнае “прывітанне” ад спадчыны часоў Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а таксама ад Рускага ваяводства ў складзе земляў каралеўства Польскага і перыяда Рэчы Паспалітай з цэнтрам у горадзе Львоў. Рускае ваяводства было ўтворана ў 1434 годзе на тэрыторыі Галіцка-Валынскага княства і праіснавала да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., калі яго землі былі ўключаны ў склад Аўстрыйскай імперыі і атрымалі назву “Галіцыя”. Гэта тое самае пытанне, якое ўжо некалькі год у сваіх выступленнях актыўна падымае Аляксей Арастовіч (яго праект “Русь-Украіна”).
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства