Рускі дом у Гомелі працаўладкаваў ультраправага радыкала, прадстаўніка нацыяналістычнай арганізацыі, якая не прызнае беларускую дзяржаўнасць і змагаецца супраць каланізацыі РФ з боку ЗША.
З нядаўняга часу ў сацыяльных сетках гомельскай філіі расейскай структуры “Рускі дом” сталі з’яўляцца паведамленні пра тое, што да арганізацыі некаторых падзей мае дачыненне гомелец Арцём Сакоўскі. У прыватнасці, ён быў заўважаны ў правядзенні першай сустрэчы гістарычнага клуба, на які былі запрошаныя ветэраны-афганцы. Мерапрыемства было прымеркаванае да так званага Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і да 23 лютага. Вось як паведамлялася пра дадзеную падзею: “Удзельнікамі першай сустрэчы сталі дзеці з аддзялення “Мы з будучыні” і іх кіраўнік Максім Буланчыкаў. Яны распавялі і паказалі, як з гадамі мянялася форма чырвонаармейцаў”. Таксама на сустрэчы прысутнічалі: кіраўнік ваенна-патрыятычнага мотаклуба “Штрафбат” Віталь Мядзведзеў, удзельнік Афганскай вайны Уладзімір Пастухоў і старшыня пошукавага клуба Гомельскага кадэцкага вучылішча “Чырвоныя пагоны” Павел Дзенісенка. Усе пералічаныя вышэй персанажы – надзвычай цікавыя ў плане разумення таго, хто канкрэтна ў Гомелі вядзе нізавую працу па прасоўванні “рускага міру”.
Так, напрыклад, кіраўнік згаданага мотаклубу Віталь Мядзведзеў вядомы тым, што вывешвае перыядычна над будынкам аўтамайстэрні ў гомельскім прыгарадзе Яроміна савецкі сцяг. Але ёсць больш цікавыя падрабязнасці з ягонага жыцця. У 2020 годзе ён публічна адрокся ад свайго сына Марка, байца ММА, які падчас адной з перамог над супернікам узняў бел-чырвона-белы сцяг. Для таго каб зафіксаваць сваё адмоўнае стаўленне да ўчынка сына, Віталь нават запісаў адмысловы відэазварот, у якім параўнаў сябе з гогалеўскім персанажам Тарасам Бульбам, што забівае свайго сына Андрія за здраду.
Марк Мядзведзевў пасля перамогі ўзняў у Маскве бел-чырвона-белы сцяг
Былы міліцэйскі адстаўнік, кіраўнік гістарычнага клубу “Мы з будучыні” Максім Буланчыкаў – таксама цікавая постаць. Ён займаецца стварэннем клуба, прысвечанага 53-му мотастралковаму палку НКВД. У некаторых інтэрв’ю Буланчыкаў спрабуе даводзіць тое, што дэманізаваць гэты карны орган камуністычнага савецкага рэжыму не варта, акцэнтуе ўвагу на тым, што байцы НКВД змагаліся з фашыстамі падчас ІІ Сусветнай.
Аднак у дадзеным выпадку варта звярнуць увагу, што ўсіх гэтых апалагетаў рускага міру спрабуе аб’яднаць Арцём Сакоўскі на базе Рускага дому. Кім жа з’яўляецца гэты чалавек, які да нядаўняга часу практычна не быў вядомы ў шырокіх колах?
На адной з масавых акцый пратэсту ў жніўні 2020 года, калі тысячы гомельцаў выказваліся супраць рэжыму Лукашэнкі, на шляху калоны дэманстрантаў нечакана з’явіўся малады чалавек у форме чырвонаармейца і з савецкім сцягам у руках. Свой пікет маладзён праводзіў насупраць будынка аблвыканкама. Нягледзячы на тое, што ў яго задачы, відавочна, уваходзіла правакаванне мітынгоўцаў, ніякіх гвалтоўных дзеянняў у свой бок ён так і не дачакаўся. Наадварот маладзёна ахоўвалі дэманстранты, каб яго ніхто выпадкова не пакрыўдзіў.
Арцём Сакоўскі, як вынікае з адкрытых крыніц, да нядаўняга часу працаваў вядучым спецыялістам па падрыхтоўцы кіроўцаў механічных транспартных сродкаў Гомельскай вобласці арганізацыйнай структуры ДОСААФ. Па сутнасці, яшчэ з савецкіх часоў дадзеная арганізацыя займаецца шматузроўневым забеспячэннем і падтрымкай Чырвонай арміі (ад спартовых клубаў – да разнастайных курсаў па падвышэнні ўзроўня валодання стралковай зброяй). Гэтая структура звязана з сілавымі органамі, што дазваляе Сакоўскаму ўсталёўваць кантакты сярод прадстаўнікоў сілавой вертыкалі, чыноўнікамі і ідэолагамі. У апошнія некалькі год гэты чалавек удзельнічаў у шматлікіх праўладных масавых мерапрыемствах у якасці рэканструктара, альбо ўдзельніка мотапрабегаў.
Але, акрамя афіцыйнай працы, Арцём Сакоўскі вельмі шмат часу прысвячаў дзейнасці ў межах ультраправых расейскіх арганізацый. У прыватнасці, ён з’яўляецца рэгіянальным каардынатарам скандальнага руху НОД (нацыянальна-вызвольнае адзінства). У аснове дзейнасці руху НОД, які паўстаў за пару год да анексіі Крыма, ляжыць ідэалогія “аднаўлення вялікай айчыны” і змаганне з каланіяльнай залежнасцю ад ЗША. Нават на фоне рэваншысцкіх настрояў, пашыраных сярод расейскіх элітаў, якія ўзялі курс на аднаўленне імперыі, прадстаўнікі НОД выглядаюць вельмі радыкальнымі. У прыватнасці, заснавальнік руху, адыёзны дэпутат расейскай Дзярждумы Яўген Фёдараў, абвяшчае савецкага рок-спевака Віктара Цоя “агентам ЦРУ”, які развальваў СССР сваёй творчасцю. За падтрымку ваеннай агрэсіі РФ супраць Украіны Фёдараў унесены ў санкцыйны спіс ЕЗ. І вось ад імя гэтай арганізацыі Арцём Сакоўскі ладзіў розныя мерапрыемствы ў Гомелі, у тым ліку шэсці “Несмяротнага палка”.
У далейшым, калі правесці маніторынг згадак прозвішча Сакоўскага, то ўсплывае мноства сведчанняў ягонага ўдзелу ў разнастайных прарасейскіх актыўнасцях. У прыватнасці, ён з’яўляецца адным з каардынатараў руху КСОРС (каардынацыйны савет арганізацый расейскіх суайчыннікаў). Прынамсі, сустракаюцца паведамленні пра тое, як ён ладзіць некаторыя мерапрыемствы з арганізацыямі расейскай меншасці.
Звесткі пра адкрытыя сувязі Сакоўскага з Рассупрацоўніцтвам у публічнай прасторы сустракаюцца ў 2024 годзе. Так, у афіцыйных каналах “Рускага дома ў Гомелі” паведамляецца, што Арцём Сакоўскі як прадстаўнік БОО “Русь” уручыў тагачаснай кіраўнічцы Рускага дома Вользе Бараненка ліст з падзякай. У лісце выказвалася “падзяка Расейскаму цэнтру навукі і культуры ў Гомелі за шматгадовае плённае супрацоўніцтва на ніве ўмацавання нацыянальна-культурнага адзінства Белай Русі і Расеі, будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і стварэння цывілізацыі рускага света”. Цікава, што праз некалькі месяцаў пасля ўручэння ліста з падзякай Сакоўскі ўжо з’яўляецца штатным супрацоўнікам Рускага дома, праводзіць ад яго імя мерапрыемствы, наведвае розныя цырымоніі і ўручае ўзнагароды. У пачатку лютага 2025 года Сакоўскі ад імя Рускага дому павіншаваў “салодкімі падарункамі” дзяцей, якія ўдзельнічалі ў розных культурніцкіх мерапрыемствах гэтай арганізацыі падчас творчага вечара акцёра гомельскага драмтэатра Аляксея Бычкова.
З нядаўняга – Сакоўскі разам з калектывам Рускага дому арганізоўваюць свята Масленіцы для пацыентаў псіханеўралагічнага дома-інтэрната для старых і інвалідаў у Церусе.
Пэўную цікавасць выклікаюць палітычныя погляды героя публікацыі, якія адлюстраваныя ў яго на старонках у сацыяльных сетках. У акаўнце ў сацсетцы “Ўкантакце” Арцём Сакалоўскі публікуе такі кантэнт, што пачырванець гатовыя нават чарнасоценцы мінулых стагоддзяў. Змест паведамленняў – гэта рэпосты з рэакцыйных расейскіх імперскіх паблікаў, якія распаўсюджваюць наратывы пра сусветную змову, хцівых англасаксаў і непераможных русічаў. У некаторых публікацыях – выразны антыбеларускі і антыўкраінскі змест. Зрэшты, такі сэнсавы набор характэрны для актывістаў НОД на постсавецкай прасторы, якім і з’яўляецца Арцём Сакоўскі.
Скрыншот са старонкі Сакоўскага