Чаму гомельцы не ведаюць гісторыю свайго горада

Калі паглядзець на даробак па гісторыі Гомеля, зроблены папярэднімі пакаленнямі даследчыкаў за мінулыя 200 гадоў, і параўнаць яго з аналагічнымі вынікамі па суседніх абласных цэнтрах (Чарнігаву, Магілёву, Віцебску, Мінску і іншых), можна ўбачыць цікавыя асаблівасці, якія можна ахарактарызаваць як “слабасць мясцовай гістарычнай традыцыі навуковага даследавання”.

Ілюстрацыйнае фота

Абагульнена сітуацыю можна ахарактарызаваць так: за 200 год гістарычнага даследавання Гомеля рэальнае ўяўленне аб яго мінулым сфармавалі шэсць кніг: два выданні пачатку ХХ ст. (Л. Вінаградава 1900 і Сербава-Даўгяла-Жудро 1911) і чатыры выданні апошняга дзесяцігоддзя ХХ ст. (Энцыклапедычны даведнік “Гомель” 1991, Рогалеў 1993, Марозаў 1997, Макушнікаў 2002). Усе астатнія працы гэтага перыяду былі невялікімі асобнымі тэкстамі, брашурамі альбо зборнікамі навуковых артыкулаў па пэўных дробных праблемах гісторыі Гомеля. Яны, безумоўна, важныя, але не яны сфарміравалі структурны шкілет даследавання гарадской гісторыі.

Сітуацыя крыху палепшылася толькі ў 2010-я гг., калі выйшлі чарговыя шэсць грунтоўных прац па гісторыі Гомеля (В. Цемушава 2009, “Строительная летопись Гомеля” 2011, У. Васькова 2012 г., І. Такоевай 2014, С. Цыкунова і І. Альшанава 2017, В. Мятліцкай 2021). Былі таксама і іншыя работы па гісторыі горада, як аўтарскія манаграфіі, так і зборнікі канферэнцый, уклад якіх, безумоўна, важны для разумення гісторыі горада, але іх даробак адрознівацца дробнасцю ўздымаемых праблем. Выданні з нізкай навуковай каштоўнасцю (а такія за некалькі апошніх год таксама з’явіліся) разглядаць нават не варта.

Нягледзячы на такі “сур’ёзны” пералік кніг па гісторыі Гомеля, у рэальнасці гэта мізер. Паглядзіце на тыражы і паспрабуйце знайсці хоць што-небудзь з іх у кнігарнях Гомеля і вы адразу зразумееце ўзровень уплыву гэтых кніг на сучасных жыхароў горада.

Можна канстатаваць важную гомельскую асаблівасць: абсалютная большасць пералічаных кніг з’явіліся не ў выніку “замовы” мясцовых уладаў ці нейкіх спонсараў, а ў выніку шматгадовай бескарыслівай працы мясцовых даследчыкаў па вывучэнні гісторыі роднага горада. Менавіта альтруізм мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў (для часткі з якіх гісторыя і даследаванні – нават не прафесійны занятак па адукацыі ці асноўнай сферы дзейнасці) з’яўляецца адзіным сапраўды дзейсным рухавіком гістарычных даследаванняў Гомеля. У гэтым яго і сіла, і слабасць: альтруісты ідуць сваім шляхам усё жыццё, але “вузкае іх кола, надта далёкія яны ад народа”. І гэтае кола колькасна амаль не пашыраецца, у выніку чаго Гомель знаходзіцца на задворках лакальных даследаванняў у Беларусі.

У чым жа прычына?

На мой погляд, справа тут у наяўнасці (дакладней, адсутнасці) традыцыі гістарычных даследаванняў.

На пачатак ХІХ ст., пад мецэнацтвам графа М. Румянцава, менавіта Гомель быў цэнтрам гістарычных даследаванняў у Беларусі. Тады, на новадалучаных да Расейскай імперыі землях Беларусі, менавіта граф М. Румянцаў пачаў мэтанакіравана збіраць дакументы па беларускай гісторыі, выкупаць кнігі і рукапісы, аб’ядноўваць у сваім “Румянцаўскім гуртку” галоўных даследчыкаў краю – гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, фінансаваў іх пошукі і падрыхтоўку выданняў да друку. І цэнтрам усяго гэтага быў гомельскі маёнтак графа Румянцава, дзе ён сабраў вялізную бібліятэку і калекцыю старажытнасцяў, у тым ліку мясцовых.

Мецэнат Мікалай Румянцаў

Аднак са смерцю графа ўсё гэта спынілася (сумны, але заканамерны вынік дзейнасці, заснаванай на голым альтруізме даследчыкаў-адзіночак!). Калекцыі былі перавезеныя ў расейскія сталіцы, даследчыкі раз’ехаліся па акадэміях, бібліятэках і ўніверсітэтах. Нейкай кнігі па гісторыі Гомеля ці нават тэматычнай падборкі дакументаў па гэтай тэме, так і не з’явілася, бо гэтыя даследаванні былі толькі “прымхай” багатага пана, графа-мецэната М. Румянцава, абсалютна чужыя ўсім астатнім абывацелям Гомеля. І калі ён сышоў з гэтага свету, сышла і культываваная ім тут цікавасць да гісторыі краю, а яго паплечнікі І. Грыгаровіч, І. Лялевель, З. Даленга-Хадакоўскі і шматлікія іншыя раз’ехаліся туды, дзе ўжо існавала разуменне каштоўнасці для будучыні гістарычных даследаванняў, у навуковыя і адукацыйныя цэнтры Пецярбурга, Масквы, Вільні і Варшавы.

А простыя гомельцы працягнулі і далей будаваць свой эканамічны дабрабыт, тым болей што граф М. Румянцаў заклаў цудоўны падмурак для яго, у выглядзе класіцыстычнага Гомеля з неймаверных памераў гандлёвай плошчай, які стаў эканамічным цэнтрам вялізнага рэгіёна Пасожжа. І трэба адзначыць, менавіта эканамічны складнік жыцця Гомеля стаў татальна дамінуючым у яго развіцці на наступныя больш чым 200 гадоў. Некалькі краязнаўчых артыкулаў па гісторыі Гомеля, якія выйшлі ў сталічных часопісах у сярэдзіне ХІХ ст. не змянілі сітуацыю – гомельцы так і не ведалі гісторыю горада, кампенсуючы яе адсутнасць байкамі, легендамі і паданнямі пра часы, што “колісь былі яшчэ да Румянцава”.

Толькі ў самым канцы ХІХ ст. Гомель, а дакладней – гомельцы, дарастуць да разумення сваёй гісторыі.

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі