Былы асуджаны па «палітыцы» пра свае спробы ўладкавацца на працу ў Гомелі: «Нават пасля адседкі гэтая краіна працягвае цябе выціскаць»

Цяперашняя беларуская рэальнасць такая: нават праз некалькі гадоў пасля выбараў-2020, пасля мноства намаганняў з боку дэмакратычных сіл Беларусі і грамадзянскай супольнасці, у турмах краіны працягваюць сядзець невінаватыя людзі – беларусы, якія не пабаяліся казаць праўду і аддалі перавагу гонару і свабодзе. Многія з іх, так і не дачакаўшыся хуткага вызвалення, цалкам адбылі свой тэрмін, і цяпер ім неяк трэба працягваць жыць і працаваць. Але, як аказалася, нават пасля адбыцця тэрміну па незаконных прысудах рабіць гэта надзвычай цяжка.

Ілюстрацыйнае фота

«Ты ж усе сам разумееш»

«Пасля вызвалення з калоніі, у якой за ўдзел у акцыях пратэсту мяне пратрымалі два гады, у міліцыі адразу сказалі: «Не ўладкуешся на дзяржпрацу, будзеш прыходзіць да нас кожны дзень. На паказальныя суды або прафгутаркі цягацца будзеш, як на працу, – распавядае наш суразмоўца Алесь (яго імя мы не называем па меркаваннях бяспекі – Рэд.). Дома мужчыну ўвесь гэты час чакала жонка і маленькі сынДва гады сям’я жыла за грошы, якімі дапамагалі родныя і сябры Алеся, і якія калісьці ўдалося адкласці з заробку. Да арышту мужчына працаваў на кіруючай пасадзе аднаго з прадпрыемстваў Гомельшчыны. Зразумела, па палітычных прычынах яго працоўнае месца за ім не захавалася. – Ды і займаць кіруючую пасаду пасля адседкі нерэальна. Паспрабаваў пагаварыць з былымі калегамі, маўляў, дапамажыце ўладкавацца на менш адказную пасаду, магу хоць рабочым. Я ведаю вытворчасць як пяць сваіх пальцаў плюс некалькі вышэйшых адукацый. У аддзеле кадраў паспачувалі і развялі рукамі са словамі: «Ты ж усё разумееш».

Аляксандр хадзіў і на іншыя прадпрыемствы горада. Калісьці шмат каго ведаў, і была надзея, што яго намаганні ўсе ж скончацца поспехам, але за некалькі тыдняў працы для яго так і не знайшлося.

«Аказваецца, для такіх, як я, зараз ёсць нават афіцыйныя фармулёўкі для адмовы ў працаўладкаванні. Напрыклад, «не адпавядае карпаратыўным прынцыпам прадпрыемства» альбо «адмовіць у сувязі палітычнай нядобранадзейнасцю і дыскрэдытуючымі абставінамі звальнення з папярэдняга месца працы», – спрабуе бадзёрыцца мужчына.

Калі рукі ў мужчыны апусціліся, прыйшлося ісці і станавіцца на ўлік у службу занятасці. Але, аказалася, нават гэта не так проста. Не ўсіх былых палітвязняў там хочуць рэгістраваць. Па словах суразмоўцы, узгаджэннем рэгістрацыі палітычных беспрацоўных у службе занятасці займаюцца спецыяльныя людзі ў гарвыканкаме. І робяць гэта вельмі неахвотна.

«Напэўна, каб не псаваць казачную дзяржаўную статыстыку, – выказвае здагадку мужчына. – Мне так і сказалі: «Ну што табе гэта дапамога па беспрацоўі ў 50 рублёў? Адкрывай базу вакансій на сайце – і шукай сам». Такое адчуванне, што яны АНТ перагледзелі, дзе чыноўнікі ледзь не кожны месяц даюць справаздачу, што працы заваліся, хапае ўсім, толькі працаваць ніхто не хоча. На самай справе заставацца ў гэтай краіне пасля вызвалення, разлічваючы хаця б на мала-мальскае годнае жыццё, проста нерэальна», – разводзіць рукамі мужчына. – У нас і несудзімыя ледзь выжываюць, што ўжо пра такіх як я казаць».

Адзінкі вакансій і заробак у 500-800 рублёў

«Штодзень»  вырашыў праверыць тэорыю нашага суразмоўцы на практыцы. Для гэтага мы вельмі ўважліва пачыталі сайт Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама. У прыватнасці, падрабязна вывучылі базу вакансій, якія сёння даступныя беспрацоўным на Гомельшчыне.

Пры пошуку працы на гэтым сайце трэба ўпісаць горад ці рэгіён, у якім чалавек хоча працаўладкавацца, пазначыць адукацыю, пажаданы графік працы… Карацей, усёяк і на іншых тыпавых сайтах па пошуку працы.

Але! Аказваецца, для такіх, як наш суразмоўца, на сайце ёсць графа «тыя, хто вызваліўся з месцаў адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на пэўны тэрмін»І гэтую графу былыя зняволеныя беларусы павінны абавязкова ўпісаць пры пошуку вакансіі.

І мы яе «ўбілі». Для пачатку  без указання адукацыі, пажаданай зарплаты і пераваг па гарадах і рэгіёнах. Аказваецца, за месяц для былых зняволеных па ўсёй краіне было размешчана ўсяго 238 вакансій. А за апошні тыдзень – усяго 78.

А калі ў пошук «убіць», што ў чалавека вышэйшая адукацыя і працаваць ён хоча на Гомельшчыне – вынік шакіруе, бо такіх вакансій нуль! А ў турмах у Беларусі цяпер пераважна колер нацыі, і часцей за ўсё гэта людзі з вышэйшай адукацыяй.

Мы вырашылі пашырыць межы нашага эксперыменту, і ў графе «адукацыя» на гэты раз выбралі не «вышэйшая», а «любая». Вынік – ва ўсёй Гомельшчыне за апошні месяц знайшлося 38 такіх вакансій.

Кім і за якія грошы прапануюць працаваць былым зняволеным у Беларусі? Распавядаем.

Да прыкладу, быць складальнікам, агароднікам або машыністам мыйных машын беларусы, якія адбылі тэрмін, могуць на Гомельшчыне з заробкам 500-800 рублёў. Швачкай   за 730-1400 рублёў. Падсобным рабочым  за 600 рублёў, жывёлаводам – за 700-800, сталяром і грузчыкам – за 800-1000 рублёў…

Самыя высокааплатныя вакансіі, якія мы знайшлі на сайце  гэта слесар-сантэхнік, токар і наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем з заробкам у 1 500, 2000 і 2 500 рублёў адпаведна.

Калі абмежаваць усё той жа пошук толькі Гомелем, то на яго прыпадае 27 усіх вакансій. Гэта значыць, што практычна ўсе вакансіі, пра якія ідзе гаворка на сайце, знаходзяцца ў Гомелі. А як быць жыхарам рэгіёнаў? Для прыкладумы «ўвялі» Рагачоўскі раён. Вынік  нуль вакансій для людзей любой спецыяльнасці, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі.

Атрымліваецца, людзі з вышэйшай адукацыяй, якія адбылі свой тэрмін (несправядлівы!) сапраўды не маюць практычна ніякіх шанцаў на годнае працаўладкаванне ў дзяржсферы. Адзіны варыянт – пачаць свой бізнес, што пацягнуць далёка не многія, тым больш у цяперашніх беларускіх рэаліях, альбо з’язджаць з краіны.

Нават калі чалавек знайшоў працу хоць па якой спецыяльнасці, то 500-800 рублёў, якія прапануюць у большасці такіх вакансій, – гэта ўмовы жыцця, якія мяжуюць з беднасцю, улічваючы памер камунальных плацяжоў і далёка не нізкія цэны ў крамах.

Нагадаем, паводле звестак Белстата, з 1 траўня 2023 года бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі складае 352,13 рублі. Пры гэтым налічаная заработная плата ў краіне па стане на красавік 2023 года склала 1795,9 рублі. Паводле звестак таго ж Белстата, у сярэднім «наяўныя рэсурсы адной хатняй гаспадаркі ў краіне» ў першым квартале 2023 года склалі 1900 рублёў на месяц. Пры гэтым гарадскія жыхары краіны нібыта маглі разлічваць на 2001,4 рублёў у месяц, а сельскія – на 1568,6 рублёў.

Гледзячы на гэтыя лічбы і заробак, які прапануюць былым зняволеным, высновы прыходзяць самі сабой. Атрымліваецца, былых асуджаных па палітычных матывах краіна проста выжывае, што б там прапагандысты не заяўлялі з экранаў тэлевізараў аб сацыяльнай і прававой дзяржаве і тысячах годных вакансій. І, мяркуючы па ўсім, бліжэйшым часам, адток беларусаў з краіны не спыніцца.

Штодзень

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі