Актывіст Барыс Анікееў: Сельскую гаспадарку ў Беларусі трэба аддаць у рукі людзей

Гомельскі актывіст Барыс Анікееў ужо пяць год працуе на польскай ферме. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра ягоную працу, і ў чым ён бачыць адрозненні сельскай гаспадарцы ў Беларусі і ў Польшчы.

 

Барыс Анікееў


Як праходзіць твой працоўны дзень на ферме?

У мяне абавязак кароў даіць, цялятак карміць. Спачатку каровак трэба выгнаць на пачакальню, зрабіць ім пасля ночы подсціл, каб суха было. Пасля дойка. Яны паўдня ходзяць туды сюды, а пасля ідуць адпачываць, есці. А вечарам зноў дойка. Адное і тое ж кожны дзень, ад раніцы працую, то ад вечара.

Важна, каб быў сухі подсціл, а карова сама пачысціцца. Галоўнае, каб яна зімой стаяла ў цяпле, а летам, калі горача, каб абора праветрывалася, каб было суха. Цяпер горача, і яны ад вадапою не адыходзяць. Чым больш п’юць, тым больш бруду.

Так жа і з даярняй. Пасля даення антысептыкі, каб не было запалення, мыем машынамі.

Практычна ў кожнай каровы ёсць мянушка. Я тут пятае лета працую, калі яна пайшла ад цяля, я яе выгадаваў, то яна мяне ведае. Ідзе кругаварот. Ты яе гадуеш, яна пасля на дойку да цябе прыходзіць.

 

Чым адрозніваецца сітуацыя ў сельскай гаспадарцы ў Беларусі і ў Польшчы?

Па-першае, быдла трэба даглядаць, гэтага ў Беларусі не хапае. Фермы, якія пабудаваныя ў Беларусі, зробленыя для дзяржаўнага тэлебачання, для паказухі. Фасад пафарбавалі а каналізацыя дзіравая.

А ёсць якія фермы, дзе жывёла ўвогуле падае з голаду, і пра гэта ніхто распавядаць не будзе. Гэтай тэмай займаліся гомельскія незалежныя журналісты ў свой час.

У Беларусі кажуць, як я чуў, што хочуць будаваць вялізныя агракомплексы для буйнога рагатага ската. Гэта нерэальна, проста нерэальна. Які штат супрацоўнікаў трэба? Якая кармавая база? Яны не думаюць, што кароўкам пісаць і какаць трэба, куды гэта вывозіць? Калі ў поле, то поле пагарыць.

У нас на ферме дойны статак 300 галоў, цялушак – каля 100, падлеткаў, цялятаў – 300-400. Дык у нас загатоўка кармоў ідзе… на дзень выходзіць 16-18-20 тон кармоў. Гэта сумесі, травы, дадаткі, соя.

У жлобінскай гаспадарцы на 600 галоў паставілі карусель для даення. Гэта канадскі метад. Файна, але ж у выніку атрымаецца зніжэнне працоўных месцаў, а даяркі тады куды?

 

 

Слухаў дэкана Беларускай сельгасакадэміі ў Горках, які скардзіўся, што моладзь не зацікаўленая ісці ў сельскую гаспадарку. Нецікава. Гэта было і пры саўку. Цяпер на фермах у асноўным працуюць людзі, якія нарадзіліся ў 1960-ыя і сярэдзіне 1950-ых, гэта ўжо адпаведны ўзрост. Моладзі прымусова даюць накіраванне на 2 гады. А што пасля? Маць-хваць, нікога няма. Трэба ісці да бабкі Ганны, хай каровак падоіць. Няма каму даіць.

Пасля беларусы жывуць па восені з кірмашоў, куды гародніну фермеры прывозяць. А ў іншы час ідуць да «Еўраопта». Чаму там іранскі часнок ляжыць? Памідоркі іспанскія? Бульба з Ізраілю? А дзе наша? Дзве банкі калінкавіцкай тушаніны, якую нельга есці, адна соя.

У Польшчы мы ў Еўразвязе. Тут, калі кароўка не ідзе сваім ходам да машыны, яе ніхто не забярэ на забой. Гэта ўсё трэба пільнаваць. А ў Беларусі ёсць такія гаспадаркі, асабліва Рэчыцкі раён, Кармянскі, Буда-Кашалёўскі… Сведкі ёсць, але баяцца размаўляць, там такі падзеж ската ідзе, нават цяпер.

Тут да нас прыязджаюць з праверкамі, кантралююць, бяруць пробы малака. Па іх можна даведацца, ці хворая карова. Трэба, каб у малацэ не было антыбіётыкаў, шчыльнасць, тлустасць была адпаведная.

Яны таксама пільнуюць корм. Мы, напрыклад, даем малым цялятам дабаўкі, яны з Нямеччыны, дазволеныя ў ЕС. Лекаваннем кароваў займаецца ветэрынар, а кантралёры пільнуюць, якімі антыбіётыкамі кормім. Не ўсе лекі пасуюць. Кожны месяц у дойнай каровы аналізы, каб яна не перахадзіла, не была знясіленая.


Што табе падабаецца, з таго, што адбываецца ў Польшчы? Што варта было б у Беларусі пераняць?

Я хачу, каб у Беларус аддалі сельскую гаспадарку ва ўласныя рукі людзей, і людзі пачалі працаваць. А дзяржава… Я не веру ў гэта.

Штодзень
Фота: з асабістага архіву героя матэрыяла

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Уладзіслаў «Нож» Наважылаў выпусціў новую песню Rinkimai («Выбары»), упершыню на літоўскай мове