Гэтак званыя блышыныя рынкі – месцы з непаўторным каларытам – у Беларусі, на жаль, існуюць у вельмі сціплым выглядзе. Яно і не дзіўна – вірлівыя гістарычныя падзеі ХХ ст. (і разбурэнне гарадоў падчас войнаў, і невысокі ўзровень жыцця ў СССР) не дазволілі захаваць шмат старых рэчаў добрай якасці. Ці можна знайсці ў Гомелі нешта рарытэтнае, чытайце ў новым артыкуле “Штодня”.
Блышыны рынак у Гомелі. 2018 год. Фота: СБ
Месцы, дзе можна паспрабаваць знайсці старыя рэчы, у Гомелі ёсць. Але скажам шчыра, наіўна было б спадзявацца знайсці там, як на буйных блышыных ранках некаторых еўрапейскіх гарадоў, нешта сапраўды каштоўнае, ды яшчэ па адэкватным кошце. Вартыя ўвагі рэчы (старыя фотаздымкі, манеты, посуд ці ўпрыгожанні) захоўваюцца ў сем’ях ці ў зборах калекцыянераў і ў продаж, ці нават на ўсеагульны агляд, за рэдкім выключэннем, не трапляюць.
Тое, што прадаецца на блышыных рынках (на дадзены момант такое месца засталося толькі на былым сельмашаўскім рынку, ёсць яшчэ асобныя, раскіданыя па раёнах, гандляры, якія хутчэй намагаюцца набыць нешта, чым прадаць) – гэта ў асноўным познесавецкія рэчы, якія рабіліся вялікімі партыямі і не мелі мастацкай вартасці – намаганне зрабіць усе рэчы максімальна даступнымі па кошце для савецкіх грамадзян каласальна панізіла патрабаванні да якасці і густоўнасці.
Ёсць і іншая праблема: не прызвычаеныя да карыстання антыкварыятам далёкія ад галіны мастацтва асобы рэдка здольныя ацаніць вартасць старой рэчы. Адныя аўтаматычна лічаць усё савецкае састарэлым хламам, і ў сметніцу ідуць выдатныя стылёвыя рэчы 50– 60-х гадоў. Іншыя ж, наадварот, спрабуюць прадаць тое, што нікому і ніколі не спатрэбіцца (нават ніякаватыя рэчы 90-х гадоў часам залічваюць да антыкварыяту), і ад гэтага выгляд барахолак становіцца сумным.
Але, калі пакапацца ў абвестках аб продажы старых рэчаў на Куфры, можна знайсці нешта сапраўды цікавае. Гэта не той антыкварыят, які мог бы быць інвестыцыяй, але як цікавы падарунак (Каляды ж наперадзе!) ці незвычайны артэфакт у інтэр’еры варты ўвагі – чаму не? Прапануем наш ТОП-10 старых рэчаў, якія можна набыць у Гомелі.
Латунная патэльня. Выкарыстоўваць па прызначэнні яе будзе цяжкавата, ды й у пасудамыйку такое не пакладзеш. Але як элемент дэкору можа ўпрыгожыць любую кухню. Цана 120 руб
Качалка драўляная. Як хто з сяброў мае аграсядзібу ці проста цікавіцца этнаграфіяй – лепей падарунка не знайсці. Па фота цяжка зразумець, рэч адноўленая ці цалкам сучасная стылізацыя, але 20 руб. не шкада за яе ў любым выпадку.
Самая незвычайна рэч з нашага спіса – сані. Дакладней, металічны каркас ад іх. Паколькі ні коней, ні хаскі, ні тым больш снегу ў камплекце няма, можна толькі зрабіць з іх цікавую інсталяцыю на падворку. Калі змайстраваць сядзенне і ўпрыгожыць агеньчыкамі, атрымаецца добрая калядная фота зона. Калі, канешне, не шкада выдаткоўваць на ўпрыгожанне 200 руб.
Лот, рэальную вартасць якога цяжка ацаніць – старыя здымкі. Заяўлена, што гэта фота 1930–19 40 гадоў. Колькі фота, ці маюць яны дачыненне да Гомеля – невядома, прадавец не паклапаціўся пра тое, каб аформіць лот належным чынам. Кошт не пазначаны.
Камплект даішніка часоў СССР можа спатрэбіцца, калі няма арыгінальнага касцюма для каляднага кампаратыву. У такім выглядзе дакладна больш ніхто не прыйдзе. Кошт 150 руб.
Самая старая рэч (калі верыць словам з абвесткі) – дарэвалюцыйныя ступка з песцікам з бронзы. Хатнія гаспадыні і сёння карыстаюцца такімі рэчамі. Цана не пазначана.
Не здзіўляйцеся прысутнасці ў спісе бюстаў Леніна. Савецкія металічныя вырабы якасныя, маюць добрую вагу і могуць служыць прэсам, напрыклад, пры засолцы чаго-небудзь, калі трэба прыдаваць зверху вечка. І выглядаюць усё ж густоўней, чым кавалак цэглы. Але 100 руб. для прэса дарагавата.
Спадзяёмся, канешне, што процівагаз вам ніколі не спатрэбіцца. Але, каб адчуваць сябе спакайней, можна пакласці яго ў трывожны чамаданчык. 15 рублёў – няшмат для бяспекі.
Стары чамадан, калі яго трохі аднавіць, можа ўпрыгожыць інтэр’ер і выкарыстоўвацца, напрыклад, для захоўвання старых здымкаў. Па словах прадаўца, паходзіць з 1920–1950-х гадоў. Цана 50 руб.
Пераважная частка посуду «з бабулінага серванта» – гэта шырспажыў, які акрамя сямейнай памяці ніякай вартасці не мае. Але добрыя вырабы з каляровага шкла (такі посуд зноўку папулярны) – выключэнне. Гэтыя жоўтыя кілішкі дададуць добрага настрою любому застоллю. Не жаль, мяркуючы па фота, іх мала засталося. Кошт дагаворны.