Беларусы, закаханыя ў “рускі мір”, абясцэньваюць сябе і сваю краіну

Для каго “рускі мір” найбольш прываблівы? Найперш – для людзей аўтарытарных, якія маюць патрэбу ў самасцвярджэнні. Тут разважаць і штосьці камусьці даводзіць не трэба. Проста верыць у гатовыя, створаныя “скрэпы” і адстойваць іх. Атрымаць доказ аслаблення “рускага міра” для іх горай за смерць, таму нічога іншага і слухаць не будуць.

Скрыншот з сатырычнага відэа расейскага коміка Аляксандра Гудкова “Я узкий”

 

Людзям слабым і недалёкім таксама хочацца быць часткай “вялікага і магутнага” без аніякага ўкладу. Атаясамліваць сябе з вядомымі пісьменнікамі, артыстамі, спартоўцамі, навукоўцамі, з вялікімі прасторамі і землямі, з вялікай і не зразумелай нікому місіяй … Гэта ж не беларушчына, дзе трэба вучыць беларускую мову і гісторыю.

Беларусы, закаханыя ў “рускі мір”, настолькі абясцэньваюць сябе і сваю краіну, што гатовы паадчыняць вокны і дзверы насустрач сваім “старэйшым братам”, якія нясуць сюды чужыя ідэі:

– Ды якая там мова, ды колькі там той культуры – ды нішто ў параўнанні з вамі, мы – нуль без палачкі, і самі ніадкуль, і зваць нас ніяк.

Таму і запрашаюць на свае мерапрыемствы састарэлага “есаула” Алега Газманава, “які пакінуў краіну і прыстраліў каня”, альбо музычны гурт з літарай “Z” на аватарцы – каб хоць побач з “вялікімі” пастаяць. Скрэпы патрымаць…

“Рускі мір” лезе са ўсіх шчылін праз “рассупрацоўніцтва”, рускія дамы і цэнтры, навязваючы сябе як адзіна правільнага і надзейнага сябра. А каб не саскочылі з кручка, прывабліваюць наіўных рознымі бясплатнымі ”плюшкамі” у выглядзе творчых вечарын, міні-канцэртаў, навучання, экскурсій і друку нікому не патрэбных кніг няздатных аўтараў.

“Наша культура – найлепшая, наша мова – найлепшая, наш чалавек (нацыя, народ) – найлепшы” – вось што такое “рускі мір”. Нядаўна ў гісторыі чалавецтва такое ўжо праходзілі. І чым гэта скончылася для такіх “звышчалавекаў”, таксама ўсім вядома.

Штодзень https://t.me/shtodzien

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»