Фота: edemrs.com
Дзень ушанавання продкаў у свядомасці беларусаў цесна звязаны з шэрагам традыцый. Некаторыя з іх – упарадкаванне могілак – можна толькі ўхваліць. Але іншыя выклікаюць патанні: шумныя паводзіны з застоллем на месцах пахавання, штучныя кветкі і… чарка з моцным алкаголем.
Сам па сабе кілішак гарэлкі не зашкодзіць а ні экалогіі, а ні памяці памерлых. Але як сімвал ён дэманструе, што традыцыя спажывання алкаголю з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця беларусаў ва ўсіх жыццёвых абставінах.
Алкаголь ужывае большасць народаў свету. Але не ўсе краіны дасягаюць такіх высокіх паказчыкаў смяротнасці ад алкаголю, як Беларусь.
Згодна з дадзенымі www.reddit.com за 2022 год наша краіна знаходзілася на першым месцы па гэтым паказчыку – у сярэднім 21,3 смяротныя выпадкі на 100 000 асоб. І гэта той выпадак, калі знаходжанне на першым месцы зусім не цешыць.
Крыніца: www.reddit.com
Даследчыкі з прыватнай рэабілітацыйнай клінікі Дэламер (Брытанія) у тым жа 2022 годзе аддалі Беларусі другое месца. Па іх дадзеных 18,80% насельніцтва нашай краіны пакутуе ад алкагольнай залежнасці. А смяротнасць, звязаная з алкаголем, знаходзіцца на ўзроўні 19,82 смяротныя выпадкі на 100 000 чалавек.
Крыніца: www.romaniajournal.ro
Трэба адзначыць, што смяротнасць, вызваная алкаголем, гэта не толькі непасрэдна перадазіроўка і атручванне няякаснымі напоямі. Гэта і вялікая колькасць сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў, выкліканым шматгадовым ужываннем «народных антыдэпрэсантаў».
Беларусы рэгулярна ўжываюць алкаголь у значнай колькасці з-за шэрага фактараў. У першую чаргу, гэта гісторыка-культурная традыцыя. Кожнае свята, тая ж Радаўніца – гэта нагода. Лёгкі доступ да таннага, але нізкаякаснага алкаголю, прыводзіць да таго, што часам і нагода не патрэбна. Напоі з градусам дазваляюць зняць стрэс. А яго, пры сённяшнім катастрафічным пагаршэнні грамадска-эканамічнага становішча краіны, адчуваюць шматлікія асобы, незалежна ад свайго сацыяльнага статусу, месца пражывання ці палітычных поглядаў.
Нельга не пагадзіцца з адным з каментатараў вынікаў даследавання, што вывела Беларусь у лідары па смяротнасці ад алкаголю, у сацсетках: «А чаго вы чакалі ад краіны, дзе прэзідэнт раіць лячыцца гарэлкай ад кавіду?»