Сама балерына ніколі ў горадзе над Сожам не была і пра яго згадвала толькі ва ўспамінах пра бацьку.
Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, які быў гомельцам у пятым пакаленні, згадваў, дзе жылі Пліcецкія:
— Гомельскі раён каля чыгункі пераважна быў яўрэйскі. Насупраць праз вуліцу Замкавую, цяпер Леніна, была цырульня Боруха Мельніка, а крыху далей, за домам Камуны, была сінагога і крама канцылярскіх прылад Плісецкіх, дзядзькі Маі Плісецкай.
Можа быць, менавіта пра гэтага дзядзьку пісала Мая Плісецкая ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе “Я, Мая Плісецкая”:
— Ягоны старэйшы брат Лесцер (брат бацькі Маі Плісецкай – заўв. аўт.) у свае шаснаццаць год быў куды больш дальнабачны, не забіваў сабе галаву пакручастымі марксісцкімі тэорыямі выратавання чалавецтва. За некалькі год да таго, як стаў “горда лунаць буравеснік” крывавай рэвалюцыі, сабраўшы грошы на замежны пашпарт і параходны білет зборам шматлікіх гомельскіх яблык, ён удала дасягнуў Нью-Ёрка.
Пра Гомель Мая Плісецкая згадвае толькі пры аповедах пра бацьку. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе яна адзначае, што знешнасць атрымала ў спадчыну ад бацькі.
— Ён быў добрага росту і спраўна складзены. Хударлявы, сухарлявы, зграбны. Чубатыя валасы, якія спадалі заўжды на лоб, адсвечвалі рудым колерам. Яго шэра-зялёныя вочы – мае іхняя копія – углядаліся ў цябе пільна і насцярожана. Нават на маёй памяці вясёлая іскрынка прабягала па іх усё радзей і радзей – час ішоў страшны.
Як піша Мая Плісецкая, бацька, Міхал Эмануілавіч Плісецкі, быў ураджэнцам “ціхага яблыневага, пакрытага пылам Гомеля”. Інэса Плескачэўская ў кнізе “Плісецкая. Стыхія, якую звалі Мая. Партрэт на фоне эпохі” лічыць, што з’ехаць сям’ю вымусіў яўрэйскі пагром 1903 года. Пагром быў справакаваны мясцовымі чарнасоценцамі і царскай ахранкай. Паводле інфармацыі сайта Глабальны дом яўрэйскай генеалогіі, у выніку таго пагрому было забіта 25 яўрэяў, 100 цяжка параненых, 200 лёгка параненых. Былі разрабаваныя і разбураныя 372 яўрэйскія дамы і 200 крам. З 1904 па 1906 гады адбываліся суды як над удзельнікамі пагромаў, так і над удзельнікам самаабароны.
У 1906 годзе сям’я Плісецкіх спрабуе выехаць у ЗША, аднак не атрымліваецца. Паводле інфармацыі Інэсы Плескачэўскай, ім адмовілі ва ўездзе ў ЗША, паколькі лекару падаўся падазроным пачырванелае вока “бацькі вялікай сям’і”. Старэйшы брат бацькі Маі Плісецкай усё-такі пераехаў у ЗША ў 1912 годзе.
Менавіта ў наяўнасці брата за мяжой абвінавачвалі бацьку Маі Плісецкай пасля арышту. Бацька балерыны застаецца ў СССР і становіцца шчырым камуністам. Як згадвае Плісецкая ў сваёй кнізе:
— Як і ўсе донкіхоты тых ліхіх часоў, ён шчыра верыў у кніжную выдумку – зрабіць шчаслівым усё чалавецтва, зрабіць яго сяброўскім і бяссрэбранікам. За сваю легкавернасць і пражэкцёрства бацька заплаціў цалкам. У 1938 годзе чэкісты расстралялі яго, трыццацісямігадовага.
Дарэчы стрыечны брат Маі Плісецкай (сын таго самага старэйшага брата, які змог выехаць у ЗША) аказаўся у камандзе прэзідэнта Джона Кенедзі на пасадзе дарадцы па юрыдычных пытаннях.
У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе акрамя аповеду пра бацьку Мая Плісецкая згадвае пра Беларусь толькі ў аповедах пра Марка Шагала.
“Тое, што мой бацька быў таксама родам з Беларусі, прыводзіла Шагала ў захапленне”, – напісала Мая Плісецкая ў главе “Мяне малюе Марк Шагал”.
У родным горадзе бацькі, якога так любіла Мая Плісецкая, балерына так ніводнага разу не была.