Андрэй Мядзведзеў: Зона адчужэння – унікальнае месца, такога на Зямлі больш няма

Сёння гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая найбольш закранула Гомельскую вобласць і Беларусь у цэлым. «Штодзень» у гэты дзень пагаварыў з журналістам Андрэем Мядзведзевым, які неаднаразова бываў у зоне адчужэння пра тое, што гэта за месца і якая ягоная будучыня.

Журналіст Андрэй Мядзведзеў


Як атрымалася патрапіць у зону адсялення? Як гэта звычайна бывае?

Звычайна трэба браць пропуск у адміністрацыі зоны адчужэння ў Хойніках. Але па факце журналістам незалежных медыяў ніхто дазволу не дасць. Таму туды можна патрапіць без пропуску, але калі зловяць, ёсць нейкая адказнасць.

У прынцыпе зараз ужо вялікага адрознення гэтай зоны ад звычайнай тэрыторыі, акрамя таго, што там вялікая радыяцыя, няма. І калі па цэзіях і стронцыях, якія кантралююцца, фон вялікі, але не так страшна. Але зараз ідзе назапашванне трансуранавых элементаў, якія з’яўляюцца ў выніку вядомага нам распаду ёду. Іх уплыў на арганізм увогуле не вывучаны. Іх ніхто не кантралюе, якая забруджанасць трансуранавымі элементамі ніхто не ведае.

Фота: mapbelarus.by

У зоне адчужэння ўжо больш за 30 гадоў не адбываецца нейкага ўплыву чалавека, ён мінімальны. Там сфармавалася экасістэма, якая амаль што натуральная. Там часам робяцца тыпу навуковыя адстрэлы, таго ж ваўка. Але яны не асабліва ўплываюць на развіццё сістэмы. Лес расце натуральным чынам, дзе не хоча расці, не расце. Прырода развіваецца па сваіх законах.

Калі нашыя ўлады гадоў 5-10 гадоў таму звар’яцелі і па ўсёй Беларусі пачалі адстрэльваць дзікоў праз чуму афрыканскую свіней, там іх ніхто не адстрэльваў, папуляцыя жывёлаў у натуральных магчымых аб’ёмах захавалася. Той жа воўк мае дастаткова дзіка, на якога можна паляваць. Яму не трэба ісці нападаць на ферму.

У пачатковыя гады пасля аварыі ў гэтай зоне працавалі не толькі нашы навукоўцы, але замежныя. Гэта было ў 1990-ыя гады. І ёсць звесткі, як яны вывучалі ўплыў радыяцыі на розных жывёлаў. Калонію тых жа ластавак, якія селяцца на берагах рэк. Вучоныя палічылі, што ў гэтых птушак на 25 пакаленні пачалі адбывацца генетычныя змены: крылы карацейшыя, ногі не такія, як маюць быць. Чыста такія розныя дэфекты. Не ў дзяцей, не ва ўнукаў, а аж настолькі. Як далей паўплывае на іншыя арганізмы, яшчэ невядома.

Тэрыторыя запаведніка. Фота: mapbelarus.by

У саму зону забаронены некантраляваны ўезд. Але ў той жа час адміністрацыя рабіла не самыя лепшыя захады. Не ведаю, як зараз, але ў 2017 годзе гэта стаў запаведнік дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС пры Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. І вось як раз у 2016 годзе кіраўніком гэтага дэпартамента стаў былы старшыня хойніцкага райвыканкаму.

І яму захацелася, як і ўсёй хойніцкай эліце, каб у іх паляванне было сваё, турызм. І там, наколькі ведаю, гэты турызм ёсць. Яны там сцежкі папракладвалі і запрашаюць. На сайце ёсць: «Прыязджайце, мы вам будзем радыя».

Раней маршруты арганізоўвалі ў адселеныя гарады, Прыпяць украінскую, а ў нас проста па балотах, па лясах не хадзілі. А зараз ужо і такое ёсць. Плюс яны там развівалі дрэваапрацоўку, лес высякалі, быкоў разводзілі.

А яшчэ яны змагаліся з навукоўцамі. Навукоўцы там былі акадэмічныя, прыязджалі з Менску вахтавым метадам на два тыдні, былі на тэрыторыі зоны адчужэння. Навукоўцы не хацелі даваць магчымасць адстрэлу ваўкоў, бо навукова гэта ніяк не абгрунтавана. Адміністрацыя пачала замяняць іх звычайнымі настаўнікамі з Хойнікаў. Яны тыпу і цяпер нешта даследуюць, але невядома што.

А ці можна, на ваш погляд, неяк гэтую тэрыторыю выкарыстоўваць?

У Гомелі быў фізік Юрый Варонежцаў, ён прапаноўваў пасля таго, як Лукашэнка вырашыў, што варта ўцягваць землі ў сельгасвытворчаць, пабудаваць там сонечную электрастанцыю. Потым яе збудавалі, але цяпер з ёй нейкія праблемы (пабудавана з украінскага боку – заўв. Рэд.). Так можна было бы яе выкарыстоўваць.

Што тычыцца магільніка радыеактыўных адыходаў з БелАЭС, пра што кажуць улады, то я перад усім думаю, што не павінна быць самой станцыі. Улічваючы, што будавала яе Расія і столькі аварыяў. Але калі АЭС ужо ёсць, і адкіды будуць стварацца, з імі трэба нешта рабіць. Калі немагчыма гэта даслаць у Расію, то гэтая зона адчужэння была б самым лагічным варыянтам, каб размясціць з найменшай шкодай. Хоць там усё роўна небяспечна.

Мы бачылі, што адбываліся, калі расіяне зайшлі на ЧАЭС, і на сувеніры разбіралі, акопваліся ў рудым лесе. Хоць такі лес застаўся толькі каля самой станцыі, дзе ніхто не жыве. А па тэрыторыі звычайны лес, на ім нічога не пазначана. Калі няма дазіметра, то ты не будзеш ведаць, якія паказчыкі радыяцыі. Як у 1986 годзе было рудое, там такога зараз няма.

Коні Пржэвальскага ў зоне адчужання. Фота: mapbelarus.by

Ці жывуць цяпер у зоне адчужэння людзі? Ці гэта засталося ў мінулым?

Раней былі самасёлы. Калі я ездзіў перад пандэміяй у 2020 годзе з радыёметрамі, я не сустракаў. Бачыў закінутыя вёскі, зарослыя. Але людзей не бачыў. Была сітуацыя, калі аднасяльчане вяртаюцца адселеныя. Мы рабілі рэпартаж пра гэта.

Кожная вёска на Палессі мае т.зв. прыстольнае свята. Напрыклад, на троіцу ў вёску Амелькаўшчына, у якой нікога няма, з’язджаюцца ўсе, хто застаўся жывы, там святкуюць. Песні спяваюць, гуляюць, п’юць. Але такіх як самасёлаў няма, яны ўжо за цягам гадоў хіба памерлі.

Ці бачныя вынікі загада Лукашэнкі пра ўвядзення земляў у сельскагаспадарчы ўжытак?

Там такога няма, каб было цалкам засеяна. Яшчэ да лукашэнкаўскага загаду розныя хітруны-сельгаснікі з прылеглых раёнах, якія не могуць нармальны ўраджай на сваіх палях, ехалі ў зону, разворвалі там палі і сеялі. А ўраджайнасць пісалі на сваю тэрыторыю. Гэта было вядома, хоць шырока і не афішавалася.

Улады нібыта мераюць, быццам бы на гэтым полі не такая вялікая радыяцыя. Там па краях ёсць буферная зона, бачна, што яны туды пазаганялі трактары і нешта сеюць. Яны кажуць, што расцяць нібыта тэхнічныя культуры. Ніхто не ведае, куды там дзеецца тая радыяцыя.

Фота: mapbelarus.by

Калісьці, калі я працаваў у рэчыцкай раёнцы, на нарадзе нейкая супрацоўніца з аблвыканкаму не раіла купляць гомельскае малако. Бо яны бяруць хойніцкае, рагачоўскае і змешваюць – атрымліваецца дапушчальная норма.

Мы рабілі калісьці з Івашкевічам даследаванне, бралі з фермаў па хойніцкаму і брагінскаму раёнам малако. Калі яго даілі, мы прасілі наліць пляшку: «Хочам нармальнага неразбаўленага малака паспытаць». Стас Івашкевіч і хлопцы везлі ў кіеўскую грынпісаўскую лабараторыю і рабілі там аналізы. То яно перавышала фіг ведае ў колькі раз гэтыя нормы.

Чыноўнікам трэба то сеяць, то драўніну нарыхтоўваць. Верхнія слаі нараслі пазней і будуць чысцейшыя, але ўсярэдзіне гадавыя кольцы, якія ўтварыліся ў 1986, стронцый адтуль нікуды не падзенецца.

Злачынства выкарыстоўваць для сельскай гаспадаркі. Гэта ўнікальнае месца. Такога на Зямлі больш няма. Каб вывучыць менавіта ўплыў радыяцыі на ўсё: на арганізмы, расліннасць, зямлю.

А пасля вяртання з зоны ці патрэбныя былі нейкія адмысловыя працэдуры?

У вясновы час, калі мы рабілі нейкія матэрыялы пад гадавіну аварыі на ЧАЭС, было ўжо цёпла, горача. І пасля вяртання з зоны ўсім было кепска, галовы балелі. Ад чаго канкрэтна не вядома.

А так, па ідэі, трэба памыцца, адзенне прыбраць не насіць яго звычайна, калі ідзеш дзе вялікі фон.

Радыяцыйны фон там стабільны, даволі высокі, але ён плямамі. Можа, на гэтым кавалку такі, праязджаеш 200 метраў – зашкальвае, яшчэ 100 метраў – іншыя паказчыкі.

У нейкае жыццё ўводзіць гэтыя тэрыторыі – гэта злачынства. Адно распалася, другое ўтварылася. Што ўтварылася, ніхто не ведае.

Штодзень

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Уладзіслаў «Нож» Наважылаў выпусціў новую песню Rinkimai («Выбары»), упершыню на літоўскай мове