Правесці дні апошняга месяца лета на прыродзе жыхарам Гомельшчыны перашкодзіць не толькі надыходзячае пахаладанне, але і забарона на наведванне лясоў.

Паводле інтэрактыўнай мапы Міністэрства лясной гаспадаркі па стане на 4 жніўня на поўдні Беларусі забаронена наведванне лясоў ва ўсіх раёнах, акрамя Ельскага. То-бок амаль па ўсёй тэрыторыі Гомельшчыны.
Падобныя забароны звычайна ўводзяцца з-за высокай пажарнай небяспекі. Летам нават невялікая іскра можа стаць прычынай ляснога пажару. Найчасцей узгаранні ўзнікаюць з-за чалавечага фактару – кінуты недакурак, непатушанае вогнішча або спальванне сухой травы.
Гэта значыць, што аматарам ціхага палявання, збору ягад ці лясных пікнікоў давядзецца змяніць свае планы. Аднак гэта не азначае, што трэба цалкам адмовіцца ад адпачынку на свежым паветры. Альтэрнатывай могуць стаць гарадскія паркі, скверы або зоны адпачынку на берагах вадаёмаў, дзе можна зладзіць пікнік з прыгатаванай дома ежы (каб не разводзіць вогнішча).
Такія мясціны мо й і не замяняюць шпацыр па лесе, але таксама даюць магчымасць адпачыць, падзівіцца на зялёныя краявіды, паслухаць спевы птушак і проста пабыць на прыродзе.