Актывіст з Рэчыцы пра спецвытворчасць супраць сябе: «Зрабілі і дзякуй Богу»

Спецвытворчасць у дачыненні да Юрыя Шчучко была распачатая ўладамі 1 сакавіка, але яны апублічылі гэтую інфармацыю 4-га. У той жа дзень, калі і пра гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку.

Юрый Шчучко на адной з акцый пратэсту

Шчучко прад’яўленыя сем крымінальных артыкулаў. Сярод іх паклёп, незаконны збор інфармацыі пра службоўцаў, гвалт ці пагроза гвалту ім, абраза Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі, ілжывае паведамленне пра небяспеку.

Як вы думаеце, з чым звязаны пачатак спецвытворчасці?

З чым звязана, сумленна кажучы, не ведаю. Я ўвогуле выпадкова даведаўся, знаёмы даслаў спасылку. Чаму разам з Судаленкам… Я ўвогуле ў шоку, што пасля яго патрапіў у спіс. Я па факце з ім не знаёмы.

Пару месяцаў таму, мяне падазрона спрабавалі развесці на размову быццам бы з журналістам «Нашай нівы». Праз знаёмых даведаўся, што такога супрацоўніка ў іх няма. Плюс па-расейску пісаў, было зразумела было, што гэта не «Наша ніва». Я думаў з ім пагуляцца, пасля мне стала лянота, але адправіў відэа. Падобна, ім трэба было пацвярджэнне акаўнта, каб нейкія каментары параўнаць.

Можа быць, проста рэчыцкія ці гомельскія вырашылі не адставаць ад калегаў, знайшлі ў маёй асобе адпаведную кандыдатуру. Што ім трэба, я не ведаю, у мяне нічога няма, ні жытла, нічога. Я ўсё паспеў зрабіць перад ад’ездам.

Маё асабістае меркаванне, зрабілі і дзякуй Богу. Цяпер у мяне яшчэ больш магчымасцяў атрымліваць ЧВЖ у дэмакратычных краінах.

Агулам, я да гэтага стаўлюся па-філасофску: працую я ў Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы. Калі навіну даслалі, я адправіў у чат гэтай спецвытворчасці фота з Амстэрдама. Як раз з аўтобуса выйшаў і пішу: «Хлопцы, я тут яшчэ гадзіну, калі хочаце, прыязджайце».

Я ведаў, што яны пачалі завочна судзіць, але што яны будуць дабірацца до людзей, скажам так, трэцяга звяна… Я сябе не лічу такім ужо апазіцыянерам, звычайны актывіст. Але іншага чалавека ў Рэчыцы ў іх, можа, і няма такога. Я з адкрытым тварам хадзіў, не хаваўся, пісаў адкрыта, казаў адкрыта. Многія людзі зрабілі больш за мяне, але больш акуратна, па-ціхаму. Плюс я паспеў паваяваць з палком Каліноўскага.

Ці сюрпрыз для вас выстаўленыя абвінавачванні?

Там усе артыкулы былі, пра якія я ведаў.

Абраза суддзі, гэта я з Кіева зрабіў. Я проста выклаў суддзяў, якія судзілі нашых актывістаў, і напісаў, што сумлення ў іх няма. А першы артыкул, пра абразу супрацоўніка, я проста напісаў слова: «Крывасмок» (Упырь). Яшчэ ў Беларусі. Хацелі мне за гэтае слова даць 3 гады.

Таксама інтэрпрэтавалі тое, што я даведваўся пра нумары машынаў міліцыянтаў як падрыхтоўку тэракту. З дому забіралі мяне супрацоўнікі з гомельскага аддзелу асабістай бяспекі, два палкоўніка ў Рэчыцу прыехалі.

І ўсё, пасля на суткі закрылі, судзілі два разы. Адразу далі 10 сутак, пасля 4 дадалі, бо я сказаў, што мама інвалід. Суддзя хацеў пяць.

У апошні дзень «сутак» мне чамусьці прынеслі копію пратакола майго допыту пра падпал аўтамабіля. І сказалі, што трэба выправіць два словы, маўляў, я няправільна напісаў. Я не памятаю тыя словы, але перачытаў тэкст, на той момант мне падалося, што яны нічога не мяняюць. 

Я напісаў і зразумеў, што ў мяне ёсць яшчэ нейкі час, каб зваліць, г.зн., што мяне выпускаюць. Мне нават чамусьці да гэтага часу падаецца, што палкоўнік, які мне дапытваў, даў мне збегчы. Гэта быў верасень 2020 года. Я на наступны дзень, як выйшаў з ІЧУ адразу зранку пайшоў з мамай да натарыуса і аформіў дароўную на маёмасць. Пасля сабраў пакеты, да Чарнігава даехаў ды і ўсё.

У Кіеве Беларускім домам займаліся, людзям дапамагалі. Валанцёраў было шмат. Збіраўся ва Украіне быць, хацелі ўзяць на работу ўкраінцы. Але давялося ў лістападзе 2021 года з’ехаць, ужо два месяцы прайшло пасля забойства кіраўніка БДУ Віталя Шышова. Сталі спецслужбы нешта круціць, сачылі.

А потым вайна, вярнуўся, паехаў у Полк Каліноўскага. Пасля канфлікту там вярнуўся ў Польшчу, працаваў, хадзіў на акцыі. Апошні час не хаджу, бо тупа працую. Няма калі, калі прыязджаеш дадому на тыдзень-два дадому, пакуль дабярэшся да жонкі пад Варшавай ужо не да акцыі. Хацеў да Лізы, дзяўчынкі, якую згвалтавалі і забілі, схадзіць. Але і тое давялося з’ехаць, бо на працу выклікалі.

Я працую будаўніком. Заробак прыстойны, для Беларусі дык дакладна, але і для Польшчы някепскі. Вялікая бельгійская кампанія, а працую на польскую, якая накіроўвае супрацоўнікаў на аўтсортынгу. Нармальна ўсё.

Я не перажываю, бо я б, напэўна, нікуды б не дзёргаўся без палітыкі з Беларусі. А так памучыўся тры гады, а цяпер паволі ўсё наладжваецца. Людзей шмат цікавых сустрэў. Перажываю, канечне, за родных. І маму цягалі на паліграф, утрыманне ў ІЧУ прымусілі за мяне выплаціць. Участковы хадзіў кожны дзень і не супакоіўся, пакуль яна не заплаціла. Я не хацеў плаціць, але пасля аддаў ёй, бо маму шкада – інвалід, даўно на пенсіі.

Можа, хацелі б нешта дадаць?

Хацеў бы параіць тым беларусам, якія адчуваюць, што ім цяжка, каб яны з’язджалі ў Еўропу. Не буду казаць, што нам тут усе рады, што гэта лёгка, але дабіцца можна большага, паглядзець, як усё зроблена, пераняць вопыт. Можна застацца жыць у нейкай добрай краіне і адчуваць сябе беларусам, удзельнічаць у беларускім руху, у дыяспары. Супакоіць свае нервы проста, перастаць баяцца. Вельмі хочацца, каб жылі людзі без страха. На жаль, у Беларусі нічога не можам для гэтага зрабіць. Пакуль застаецца толькі чакаць.

Штодзень
Фота: з асабістага архіву героя публікацыі

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі