Актывіст з Рэчыцы: Давялося ўцякаць з Беларусі праз тры краіны

Аляксандр Навуменка

Аляксандр Навуменка быў шматгадовым актывістам Прафсаюза РЭП і Руху «За Свабоду» ў Рэчыцы, стала займаўся грамадскай дзейнасцю, доўгі час прынцыпова заставаўся ў Беларусі, але быў вымушаны з’ехаць пасля таго, як узнікла рызыка арышту па крымінальнай справе.

Чаму давялося з’ехаць з Беларусі? Ці было гэта для цябе лёгкае рашэнне?

Склалася сітуацыя з сілавікамі, меў крымінальную справу, таму давялося ўцячы. Сябры прапанавалі мне звярнуцца да BYSOL, і хлопцы з фонду мне дапамаглі. Мне прапанавалі інструкцыі, калі я быў яшчэ ў Беларусі. Выехаў праз Расію, Беларускі дом дапамог рэкамендацыяй для атрымання візы. Была справа, што ў аэрапорце двое сутак прачакаў самалёта, далей ляцеў праз грэцкія Афіны. Такім чынам, убягаў з Беларусі праз тры краіны, і вось цяпер у Польшчы.

Пра ад’езд з Беларусі не шкадую, мяне б там арыштавалі. Але само рашэнне далося няпроста. Я калі выязджаў, у Гомелі ўсю ноч з Беларуссю развітваўся.

Па дарозе, памятаю, амаль увесь багаж давялося пакінуць у аэрапорце, бо ў авіякампаніі была норма, у якую я не ўпісваўся. Пайшоў у прыбіральню, апрануў на сябе, што мог, астатняе пакінуў. У заплечніку застаўся самы мінімум адзення, зубная паста, машынка для галення, дэзадарант і дакументы.

Я, дарэчы, баюся лятаць, але не было выбару. Атрымалася не думаць пра гэта, сеў у самалёт і я проста ляцеў у нікуды, як шмат людзей.

Ці Рэчыца горад для жыцця? Ці давала плён для паляпшэння жыцця там грамадская дзейнасць?

Цяжкае пытанне. Рэчыца – зараз не горад для жыцця, але можа быць такой.

Гэта мая радзіма, там у мяне шмат сяброў, я змог бы знайсці працу ў іншых умовах. Але зараз не магу нічога зрабіць. Як бы ні было балюча казаць, але для мяне на сёння гэта чужая зямля.

Плён дакладна быў ад грамадскай дзейнасці, але зараз мы маем іншае жыццё. Можам забыцца пра ранейшае, больш так не будзе, на жаль.

Чаго не хапае за мяжой?

Сваякоў не хапае, да сястры не магу прыйсці ў госці. Жанчына ёсць у Гомелі, да якой, я думаю, ужо ніколі не прыйду. З прадуктаў сала дакладна не хапае.

Ці можна нешта рабіць для Беларусі з-за мяжы?

Што я магу зрабіць зараз нават такога пытання не ўзнікае. Ніхто нічога не можа. Але я буду рабіць тое, што рабіў раней, змагацца за людзей, нечым можна дапамагаць тым беларусам, якія за мяжой. Ужо атрымлівалася.

Цяпер не магу думаць аб будучыні Беларусі, спачатку выжыць самому, ужо потым, можа быць, нешта іншае будзе.

Чым адрозніваецца жыццё ў Беларусі і за мяжой, у той жа Польшчы?

У Польшчы людзі ўсміхаюцца, сэлфі робяць, жывуць і радуюцца жыццю. У Беларусі не зусім так. Але мы такія ж, як і яны, людзі паўсюдна аднолькавыя. Справа не ў людзях, а ва ўладзе.

У нас будзе ўсё добра, калі ўладу атрымаецца змяніць. У Беларусі грамадзянская супольнасць вельмі моцная. У мяне быў выпадак, сустракаліся са шведскімі прафсаюзамі, дык тыя казалі: «У нас усё дазваляюць, а вы нешта робіце».

З польскіх гарадоў мне падабаецца Жэшув. Зараз у Гданьск прыехаў, спрабую жыць у гэтым горадзе. Тыдзень пахадзіў, пакатаўся на каруселях, прыемна было. Але далей ужо будзе праца.

Беларусы ў Польшчы моцна адрозніваюцца, бо ёсць два варыянты міграцыі: альбо эканамічная, альбо палітычная. Эканамічныя, ім усё роўна на сітуацыю ў Беларусі, размаўляў  з імі, задавалі пытанні: «Што там зараз у Беларусі? Чаму прыехаў?» Я адказваў, як ёсць. Дык кажуць, што ты хлусіш, такога не можа быць. Яны не разумеюць.

Палітычныя мігранты – гэта іншыя людзі, якім цяжка, кожны кажа. Ніхто не кажа, што лёгка. Адчуваюць свабоду, ёсць такое, не цісне жах, але ўсё роўна нешта ўнутры маецца.

Маеш нейкае пажаданне для беларусаў на 2024?

Маю пажаданне для ўсіх беларусаў трымацца. Унутры Беларусі выратавацца і сядзець ціха, звонку працаваць, працаваць і працаваць.

Штодзень 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі