Бярозкі: мікрараён ні для каго

Будаўніцтва жылых дамоў у Гомелі ў апошнія дзесяцігоддзі неаднойчы станавілася тэмай гарачых дыскусій. Абмяркоўвалі, варта ці не варта будаваць у азначаным месцы, як трэба будаваць. Але ніхто не сумняваўся, ці трэба ўвогуле будаваць новае жыллё ў нашым горадзе. Аднак такое пытанне непазбежна ўзнікае, калі вывучаеш планы па ўзвядзенню новага мікрараёна-спадарожніка ў Бярозках.

Праект забудовы мікрараёна “Бярозкі”. Распрацоўшчык: ТАА “Макет” (Масква). Замоўца: Інстытут “Гомельпраект”. Фота: gomelstreet.by

 

Шмат разоў у прэсе была агучана лічба па пабудове жылля для 200 000 чалавек. Спачатку думалася, што тут закралася памылка і гаворка пра 20 000, але гэтыя дадзеныя былі агучаны чыноўнікамі самых розных узроўняў у розных СМІ. Вось, напрыклад, што пісала на гэты конт Гомельская праўда:

Крыніца: Гомельская праўда ад 18.01.2022

 

Уявім сабе, што гэтыя планы спраўдзіліся і спадарожнік Гомеля “Бярозкі” пабудаваны. Хто мог бы ў ім жыць? Узгадайма некаторыя статыстычныя дадзеныя.

На 2022 год у Гомелі налічваецца 503 984 жыхары, з іх 122 366 – старэйшыя за працаздольны ўзрост (дадзеныя за 2018 г.). То бок у новыя дамы павінна пераехаць амаль 40% жыхароў Гомеля, а калі адкінуць пенсіянераў (як катэгорыю з вельмі нізкай верагоднасцю пераезду) – то ажно 52%! Канешне, частка гомельцаў жыве ў ведамасным жыллі ці мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але колькасць такіх асоб ніяк не можа складаць 40% ці 52% ад усіх жыхароў Гомеля.

У 2021 годзе ў Гомелі было зарэгістравана 8 657 шлюбаў. Нават калі ўявіць, што ў першы год жыцця ў кожнай сям’і народзіцца дзіця, то ў год новыя кватэры спатрэбіліся б 25 971 асобе (8 657 х 3 – муж, жонка і дзіця). Такім чынам, мікрараён засяляўся б каля 7 гадоў (і тое пры ўмове, што ніводная з гэтых сямей яшчэ не мае кватэры, не жадае будаваць уласны дом, абярэ для жылля Бярозкі, а не іншы раён горада ды яшчэ і знойдзе грошы для набыцця кватэры). Да таго ж патрэбу ў жыллі для маладых забяспечвае сыход з жыцця старэйшага пакалення. Штогод жыллё бабуль і дзядуль адыходзіць нашчадкам ў спадчыну. Відавочна, што маладыя сем’і гомельцаў не маюць патрэбы ў такой маштабнай забудове.

Адсюль вынікае, асноўнымі жыхарамі спадарожніка бачацца перасяленцы з вёсак і маленькіх мястэчак. Але ў Беларусі і без таго назіраецца дысбаланс колькасці гарадскога і сельскага насельніцтва. Пры высокай долі аграрнага сектара ў эканоміцы і наяўнасці тэрыторый для яшчэ большага развіцця сельскай гаспадаркі падаецца больш лагічным развіццё рэгіёнаў, а не цэнтраў. Замест пабудовы спадарожніка Гомеля лепей было б узводзіць новыя прадпрыемствы і ствараць умовы для пераносу ўжо існуючых у выміраючыя вёскі, будаваць там жыллё і мінімальна неабходныя аб’екты інфраструктуры.

Узвядзенне вялікага масіву новых дамоў можа спрыяць развіццю яшчэ адной адмоўнай тэндэнцыі: шмат кватэр у старой забудове з цягам часу пачне пуставаць, бо пакупнікі аддадуць перавагу новаму жыллю. Можа так здарыцца, што ў хрушчоўцы ці брэжнеўцы ў кожным пад’езде будуць заселеныя толькі некалькі кватэр. Такі дом не знясеш, але даглядаць яго трэба. Уяўляеце сабе, колькі прыйдзецца траціць энэргіі на ацяпленне нікому не патрэбных метраў? Чым будаваць столькі новага жылля, лепей зрабіць больш даступным набыццё старога (напрыклад, даваць крэдыты на тых жа самых умовах, што і на свежапабудаванае).

Шмат хто з чытачоў скажа: “Навошта мне малакамфотнае старое жыллё? Хачу новае!” Але ці ёсць істотная розніца паміж умоўным 104-м мікрараёнам і старымі дамамі? Адзінае адрозненне – трохі большая плошча. Але пры сусветным росце цэн на энерганосьбіты менавіта маленькія кватэры становяцца трэндам па ўсім свеце. Пры разумнай мадэрнізацыі тыя ж хрушчоўкі можна зрабіць куды больш камфортнымі.

 

Рэканструяваны панэльны дом у Лайнэфельдзе (Германія). Фота: stalist.livejournal.com

 

Да таго ж раёны, забудаваныя дзесяцігоддзі таму, маюць усю неабходную інфраструктуру: дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі. У новых жылых масівах гэтага не стае, бо будаўніцтва кватэр аплочваюць будучыя ўласнікі, а сацыяльныя аб’екты патрабуюць выдаткаў з бюджэту.

“Сучасная” гомельская забудова насамрэч мала чым адрозніваецца ад таго, як будавалі паўвека таму. Няўтульныя пад’езды, прахадныя двары, адсутнасць падземных парковак і эксплуатуемых дахаў, адзін санвузел, стандартны памер вокнаў, брак адкрытых тэрас з кветкамі. Да таго ж будынкі вышэй за пяць паверхаў ствараюць псіхалагічна-некамфортныя ўмовы, таму ўрбаністы раяць будаваць іх толькі ў мегаполісах. Там, дзе зямельная праблема не настолькі вострая, аддаюць перавагу будынкам вышынёй не больш за 3–5 паверхаў.

 

Тыповы двор у мікрараёне “Шведская горка”.

 

Выгляд забудовы 2018 г. у Амстэрдаме. Фота: archdaily.com

 

Жылы комплекс Ogrody Pieniawskie у мястэчку Паляніца-Здруй (Польша). Фота: archinea.pl

На жаль, жыллё, пабудаванае па сапраўды сучасных стандартах, было б недаступным большасці беларусаў з-за сваіх коштаў. Таму мы будуем вельмі танна і проста. Дык навошта ўзводзіць новае жыллё з катэгорыі “самае таннае і малакамфортнае”, калі ў нас ўжо хапае такога жылля? На наш погляд, будаваць у Гомелі варта няшмат, і толькі жыллё павышанай камфортнасці па сучасных стандартах.

Вернемся да ідэі будовы спадарожніка Гомеля. Жыллё для 200 000 асоб магло б спатрэбіцца, каб планаваць пераўтварыць горад, напрыклад, у новую крамянёвую даліну і пераманіць сюды праграмістаў з усяго свету. Але тады менаваць раён варта было б не Бярозкі, а Нью-Васюкі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Штодзень

 

 

 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі