1418 крокаў у невядомым кірунку, альбо як Гомельшчына рыхтавалася да 9 мая

Такой колькасці мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню чарговай гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, як сёлета, Гомельшчына, мабыць, ніколі не бачыла. Напэўна, ідэалагічныя аўтапрабегі надакучылі нават іх актыўным удзельнікам, таму пайшоў пошук іншых форм. Чаго тут толькі не было!

Пачатак святкавання быў пакладзены разам з тымі, з кім беларусы ваявалі на адным баку. У антыгітлераўскую кааліцыю ўваходзіла калі 50 краін, але на вуліцах Гомеля луналі чамусьці толькі расійскія сцягі. Як кажуць, «Тамбоўскі ВНУ табе таварыш» – дэлегацыя ад такой установы прыехала да калег, гомельскага ўніверсітэта імя Сухога.

 

 

Колькасць акцый ускладання кветак, суботнікаў, мітынгаў, акцый памяці, конкурсаў творчасці было такім, што на працу ў беларусаў нават тэарэтычна не хапіла б часу. Таму, калі на палічках чагось забракне, не крыўдуйце, калі ласка – мы рэпетавалі, святкавалі, сумавалі, таму не пасадзілі, не зрабілі і г.д. Але ж ёсць важкі аргумент дэфіцыту і высокіх цэн – вайна (у гэты момант кожны беларус павінен пусціць слязу і сказаць сакральнае «Дзякуй дзеду за перамогу»).

 

 

На свята звычайна дораць падарункі. Гомельцам падарылі мост. Не, гэта не таму, што мост – звычайная штодзённая патрэба, а таму, што дзяды перамаглі. Дзіўна, адкуль з’яўляюцца новыя масты ў Еўропе, якая забылася на вайну?..

 

 

Хапала і рэканструкцый. У такой форме памяці няма нічога дрэннага, калі гэта робяць па ўласнай ініцыятыве апантаныя аматары гісторыі (не скажаючы яе пры гэтым), а гледачом можа стаць любы ахвотны. На дзіўную акцыю «Цягнік перамогі» ідэалагічна неправераных асоб не дапусцяць, а робіцца яна не гісторыкамі-аматарамі, а ідэолагамі. І чамусьці больш нагадвае цырк, чым ушанаванне трагічных падзей. Мо з-за круглай формы берэцікаў глядачак, як думаеце?

 


 

Было ўрачыста адкрыта яшчэ некалькі муралаў з героямі вайны. Падобна, што местачковыя ўрбаністы абвесілі спаборніцтва «герояў вайны больш, чым будынкаў у Гомелі». І пакуль кожную сцяну не памецяць гісторыяй, не супыняцца.

 

 

Гомельцаў гасцінна запрашаюць у кінатэатр пад адкрытым небам на ваенную стужку прыходзіць цэлымі сем’ямі. Канешне, прыходзьце – наша квітнеючая краіна без праблем аплаціць усіх захварэлым лісткі непрацаздольнасці (нагадаем, па прагнозах недзе +10 удзень, +1 ноччу).

 

 

Рэспубліканская акцыя 1418 крокаў (адпаведна колькасці дзён вайны для ўсходняй часткі Беларусі, заходняя палова нашай краіны спазнала 2194 дні страшнечы, яле на гэта неяк забыліся) уключыла ў сябе шмат усяго, звязанага з мінулым, але не прадэманстравала, што Беларусь з’яўляецца сучасным прагрэсіўным краем, які глядзіць у будучыню. Пакуль мы імітуем штурм Рэйхстага, нашыя дзеці штурмуюць крамы сэканд-хэндаў, каб хоць у чымсьці паходзіць на сваіх аднагодак больш развітых краін. Нам важна пафарбаваць у чырвона-зялёнае ўсе манументы краіны, у той час, як насельніцтву не стае звыклай ежы – бульбы. Мы малюем на сценах будынках герояў вайны (якія, бясспрэчна, заслугоўваюць на памяць, але ў падручніках, музеях ці кіно), бо што з нашай сённяшняй рэчаіснасці мы маглі б увасобіць у графіці? Успамінаў пра вайну столькі, што не застаецца месца для будучыні.

 

Дык куды вядуць тыя 1418 крокаў? Хіба што не наперад…

 

Штодзень

Related posts

Адкрыццё турмы Алькатрас як трывожны сімптом

У Гомелі ўручаюць узнагароды дзяржаўным СМІ на фоне знішчэння незалежнай журналістыкі

Гімн самай бяскроўнай рэвалюцыі ХХ века