Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Яўген Карпавец паходзіць з Мазыра. Там ён быў грамадскім і палітычным актывістам, а яшчэ ён адкрыты гей, які распавёў пра свой ВІЧ-пазітыўны статус. Яўген вымушана з’ехаў з Беларусі і цяпер жыве ў Варшаве. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра жыццё на Палессі, змены ў жыцці пасля ад’езду і ці плануе ён вяртацца на радзіму.

 

Яўген Карпавец


Што ты памятаеш пра Мазыр? Якім ён табе бачыцца з Польшчы?

Там цяпер рамонт мазырскага моста адбываецца. Гэта вельмі важнае з таго, што адбываецца. Не ведаю, калі яны яго пабудуюць, але абяцаюць вар’яцкімі тэмпамі рабіць. Чым гэта закончыцца і калі ён можа разваліцца (смяецца).

На жаль, у мяне сувязь са сваякамі цалкам перарваная. Нейкі час мы падтрымлівалі стасункі з Украіны, пасля тут, але цяпер не. І я лічу, што гэта, напэўна, правільна. З майго пункту гледжання, мамы, сястры, каб было бяспечней для іх.

У мяне сяброўка ёсць, і яна мне напісала, што яе знаёмы міліцыянт прапаноўваў ёй угаварыць мяне напісаць паперу, каб сілавікі перасталі терарызаваць маю сястру, маці і бабулю, спынілі шукаць мяне ў іх. Для мяне гэта прызнанне віны. Артыкул 157 ч.1, мне гэты артыкул інкрымініравалі.

 

А даўно пра гэта вядома?

Яны тады прыйшлі да мяне і сказалі. Мы можам цябе па гэтым артыкуле «пусціць». І яны гэта зрабілі. Артыкул 157, частка першая – гэта непрадастаўленне іншай асобе пра зараджэнне ВІЧ. Мяне гэта глыбока абурае.

У Мазыры пра гэтую праблему пісала мясцовая газета «Жыццё Палесся». Там не было, канечне, прамым тэкстам, што я «ВІЧ-пазітыўны», але ўсе ЛГБТ-прадстаўнікі ведалі ці здагадваліся, што ў мяне ВІЧ. Я ўсім ім казаў, таму інкрымініраваць гэты артыкул мне смешна.

Калі ты на «Белсаце» кажаш пра свой дыягназ, робіш відэа з сабой і кажаш. Вельмі абурае. Што мне зусім з кожным чалавекам, з якім у мяне цялесны кантакт, паабдымаліся, казаць, што я ВІЧ? Вельмі слізкае пытанне.

І дарэчы, у Беларусі няма працэдуры – не было на момант майго ад’езду, яе толькі збіраліся ўвесці – што значыць прадставіць інфармацыю пра тое, што ты ВІЧ-пазітыўны. Гэта нейкая паперка? Толькі ў паліклініцы сталі ўзнікаць гэтыя паперы, і тое яны не былі юрыдычна замацаваныя. Гэта было ў фармаце інтэрв’ю.

Я ўдакладняў, ці будзе лічыцца гэта папярэджаннем у «Людзях +», і казалі: «Быццам бы так, а быццам бы не». І я не ведаю, як цяпер сітуацыя з гэтым. Ці можа ВІЧ-пазітыўны чалавек без таго, каб яго не шантажавалі.

Я не ведаю, хто гэты чалавек, якому я «не прадаставіў інфармацыю». Калі я вярнуся ў Беларусь, думаю, што маю права заявіць, што гэта шантаж. А да органаў уладаў заявіць, што шантаж палітычны.

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.

Мы ведаем, што 100 чалавек ЛГБТ-персон затрыманыя з жніўня па кастрычнік. Ім інкрымініруюць разнастайныя непалітычныя артыкулы, распаўсюд парнаграфіі і г.д. Яны проста… магчыма, я першы, адзін з першых людзей-ЛГБТ, якіх яны спрабавалі выкарыстаць у сваім ключы. Ім галоўнае зганіць гонар і годнасць людзей, якія маюць адносіны да апазіцыйных структураў.

Я быў вымушаны з’ехаць, бо прыйшлі і сказалі: «Хочаце мы вам арганізуем жорсткі секс кожны дзень». Гэта груба кажучы… можа, не такія былі словы, але тыпу такога: «Давайце мы вас пасадзім, і вам там будзе добра».


Як гэта было ў Мазыры быць адкрытым ЛГБТ-актывістам і адкрыта ВІЧ-пазітыўным?

Гэта было вельмі цікава. Я пры гэтым яшчэ ў грамадскім транспарце працаваў. На жаль, у Беларусі з сексуальнай адукацыяй усё кепска. Гэта выглядала як бы… мы ўсе пра гэта ведаем, але бянтэжымся пра гэта сказаць.

Ты ідзеш па аўтобусе, табе ўсе ўсміхаюцца, смяюцца, а ты не разумееш, чаму. Па-другое, калегі мае, мне было вельмі крыўдна… пасля аднаго з першых сваіх інтэрв’ю, калі я падыходжу, яны кажуць: «Вось п***р пайшоў». І гэтыя людзі мне ўсміхаюцца ў вочы, размаўляюць нармальна, а толькі трэба адвярнуцца і пачынаецца за спінай…

Супольнасць ЛГБТ у Мазыры закрытая. І з тымі людзьмі, якія мяне атачалі – блізкія людзі і партнёры мае – яны ўсё ўсе ведалі, з усімі згаджаліся. Шмат хто спрачаўся з маёй пазіцыяй, ці трэба быць адкрытым. Але я казаў, што гэта мая прынцыповая пазіцыя, быць адкрытым. На жаль, гэты прынцып спрацаваў супраць мяне.

 

Калі ты стаў адкрытым? Гэта ж не адразу здарылася?

Гэта 2018 год. Мяне знаёмы папрасіў: «Жэня, трэба чалавек, які дасць інтэрв’ю». Я даў інтэрв’ю, прасіў спачатку, каб без імені і прозвішча, максімум фотаздымак. Пасля патэлефанаваў і кажа: «Жэня, тут просяць указаць імя і прозвішча». Ну, кажу, калі просяць, то ўкажы.

Казаў: «Нічога, не перажывай, нічога не будзе. Але справа ў тым, што пасля гэтага інтэрв’ю было вельмі цяжка. І пасля яго праз нейкі час у мяне знайшлі ВІЧ.

Тады я яшчэ падаваўся ў мясцовыя саветы дэпутатаў (былі мясцовыя выбары, Штодзень).

Як распаўсюджваецца інфармацыя ў маленькіх гарадах? Гэтыя ж інтэрв’ю з’яўляюцца там, дзе яны быццам бы не чытаюць? А пасля ведаюць усе?

Гэта я не ведаю, «сарафаннае радыё». Яны недзе прачыталі артыкул і перадаюць яе праз тэлеграмы, інстаграмы, праз усё. Я думаў, што інфармацыя так хутка не дойдзе

Але праз тыдзень-паўтара сяброўка піша: «Слухай, Жэня, што гэта такое? Я пра цябе не ведала і не думала нават, што ты такі. А ты такі. Табе за гэта заплацілі?». Гэта самае такое пытанне, думаю, ва ўсіх людзей, якія рабілі камінг-аўт (публічнае прызнанне прыналежнасці да сексуальнай ці гендарнай меншасці, Штодзень») пра гэта пыталіся. Не, мне ніхто не плаціў.

Зараз, канечне, ведаючы колькі я маральных перажыванняў пры гэтым перанёс, я б рэальна запытаў добрую суму. Маральная шкода заўважная.

 

А ў якая была гэтая маральная шкода?

Фізічнага гвалту не было. Але я калісьці прайшоўся ў ружовых штанах па свайму гораду. Натоўп гопнікаў маладых да мяне падышла: «А ты чаго гэта ў ружовых штанах?» Я перавёў гэта ў жарт: «А што ты хочаш дая****а?» Ну і стаў у позу, быццам бы я таксама такі гопнік, і яны тыпу схавалі, наш чалавек, лепей не чапаць.

Я рыхтаваўся, што будуць агрэсіўныя нападкі і нешта са мной будзе. Але не. Атрымліваецца, з дапамогай жарту, нейкай дыпламатыі, я пазбег гэтага канфлікту.

Так што не было гвалту. Усе бянтэжыліся, усміхаліся і менавіта за спінай казалі, што я вось такі. Але гэта таксама вельмі непрыемна, калі ў вочы табе адно, а за вочы – абмяркоўваюць і ты гэта адчуваеш.

 

Як думаеш у буйным горадзе было б прасцей?

Канечне. Адназначна, каб я жыў у Мінску.

Я дарэчы, камінг-аўт зрабіў непублічны даўным-даўно. З бацькамі, калегамі, калі я жыў у Мінску яшчэ ў 2012 годзе яшчэ. А ў 2018 толькі выйшла першае інтэрв’ю.

Я з калегамі на будоўлі абмяркоўваў, што я… тады я казаў, што я бісексуал. Калі мы разам арганізоўвалі мерапрыемства, я іх пачаставаў гарэлкай і г.д., яны спыталі: «Калі там у цябе гей-парад?» Адзін з калег казаў: «Я дастаю сцяг і ідзём».

Я сказаў ім прыкладна праз паўгода супольнай працы. Яны нармальна ўспрынялі.

Мама і сястра да гэтага часу не ўспрымаюць мяне як ЛГБТ, яны замоўчваюць пра гэта для іншых членаў сям’і. Хаця ўсе здагадваюцца, усе ведаюць.

Мы таксама гэта абмяркоўвалі з маёй цёцяй, стрыечнай сястрой і братам. Яны нармальна ўспрымалі. «Тваё жыццё, тваё права». Для стрыечнай сястры было вельмі цікава: «О ў мяне ёсць сяброўка». Дзяўчынкі ўспрымаюць так, будзем разам хадзіць па крамах, абіраць адзенне, рабіць манікюр.

Стрыечная сястра, дарэчы, займалася манікюрам, казала: «Давай цябе навучым». А я як цысгендарны гей сказаў: «Не, гэта не маё». А цяпер з пераездам шкадую.

Распавядзі пра сваю палітычную дзейнасць, чым ты займаўся ў Мазыры?

У апазіцыі я з 2017 года, я гэтым ганаруся. Таму што я не прыйшоў у апазіцыю ў 2020, а заўважна раней. Мая палітычная пазіцыя супраць Лукашэнкі фармуецца з 16 год, каб можна было галасаваць, я б галасаваў супраць яго.

Кандыдаты Аляксандр Мілінкевіч (адзіны кандыдат ад апазіцыі ў 2006 годзе, Штодзень), Таццяна Караткевіч (кандыдат ад «Гавары праўду ў 2015 годзе, Штодзень), Алесь Міхалевіч (адзін з апазіцыйных кандыдатаў у 2010 годзе) – гэта ўсё пра мяне. І ў 2020 годзе гэта бюлетэнь за Ганну Канапацкую (кандыдат у прэзідэнты 2020, збірае подпісы і цяпер, Штодзень).

У 2018 годзе я балатаваўся ў мясцовы савет дэпутатаў. Назбіраў неабходную колькасць подпісаў – 76 – каб паглядзець, ці прапусцяць. Яны не прапусцілі.

У сакавіку 2019 года Ганне Канапацкай я пісаў, што для ЛГБТ-персон трэба платформа. І, я думаю, што тое, што я стаў яе даверанай асобай у 2020 годзе, – гэта адказ на гэтую прапанову. Гэта вельмі важна, што мы маем у агульнадаступным доступе тое, што давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты ЛГБТ-актывіст з правінцыі.

Калегі па рабоце на той момант ведалі, што я палітычны чалавек, магу на выбарах пайсці супраць дырэктара аўтапарка, таму не здзівіліся, што я давераная асоба Канапацкай. У мяне быў чат «Дэмакратычная суполка Мазыра», я там заклікаў галасаваць за яе, шмат хто адгукнуўся. У яе было як мінімум два пункты праграмы цікавых: з’яўленне інстытута сурагатнага мацярынства і прадстаўленне правоў і свабодаў сем’ям, якія жывуць па-за шлюбам.

Яна таксама падавала мяне ў Ініцыятыўную групу ў гэтым годзе. Але мяне выключылі з гэтага спісу. Гэта своеасаблівы сігнал апазіцыйным структурам. Я лічу, што Ганне Канапацкай трэба было ўдзельнічаць у гэтай кампаніі.

 

Ты з’язджаў з Беларусі спачатку ва Украіну, а ў Польшчу перабраўся ў першы дзень шырокамаштабнай вайны. Як гэта было?

Гэта было ўвечары ў першы дзень вайны. Нас эвакуіравала беларуская дыяспара. З намі ехаў нават расіянін з расійскім пашпартам. Я вельмі абразіўся, што яго пусцілі з намі. Пачалі падымаць яго ў базу, ён у апазіцыі і супраць Пуціна. Але спачатку, калі ён выйшаў з гэтым пашпартам, я ў яго спытаў: «Ты нармальны?!»

Сам працэс арганізацыі з польскага боку было нескладана прайсці. Але так як я выязджаў у першы дзень вайны, гэта было пекла. 20 гадзінаў стаіш перад агароджай, 20 гадзінаў стаяла наша група. Мы з яшчэ адным актывістам Алесем – спачатку я яго падпіхнуў, пасля ён мяне дастаў – мы разам перацягнулі 45 чалавек.

20 гадзінаў стаяць было вельмі складана. Ва ўкраінцаў-памежнікаў здавалі нервы. Ім далі зброю, і яны часам стралялі ў паветра, бо былі людзі якія не разумелі, што такое прапусціць жанчынаў наперад, самі пералазяць першыя. Калі мы праходзілі мяжу, была даўка, заціснулі адну цяжарную жанчыну.

Палякі проста паставілі штамп, што пераехаў мяжу, і ўсё. Штамп у мяне стаяў 4 раніцы 26 лютага. Я быў вельмі стомлены.

Мне дапамаглі і адправілі жыць да ЛГБТ-пары. Але доўга не хацелася сядзець у іх на шыі, бо ў мяне былі рахункі ў прыват-банку заблакаваныя. Да гэтага часу заблакаваныя. Я гэтым не займаюся, лічу, што бессэнсоўна.

З імі было файна, яны бізнесоўцы ўжо. Плюс я пабачыў ЛГБТ-бар, гэта было нешта. А тут ва ўсіх буйных гарадах ёсць такія бары. Яны мне казалі: «Мы знойдзем табе хлопца». Але, на жаль, хлопца яны мне не знайшлі. Пакуль што ёсць толькі кандыдаты ў хлопцы, прыглядаюся, вельмі старанна падбіраю партнёра жыцця… бо першыя адносіны былі вельмі сумныя.

 

Чым адрозніваецца жыццё ў Мазыры і Варшаве?

Тут вялікія кошты на арэнду. Гэта сталіца. Але цяпер лепей у Варшаве. Калі ў Беларусі зменіцца сітуацыя з уладамі, яна стане дэмакратычнай, я вярнуся ў Беларусь і буду жыць у сталіцы ў Мінску. Сталіца – гэта заўсёды больш магчымасцяў. І Мінск – гэта лепей, чым Варшава за кошт арэнды.

Свабоды ў Польшчы больш, мне будзе не хапаць ЛГБТ-бараў, ЛГБТ-саўн. Гэтага адразу не будзе ў нас, нават калі зменіцца ўлада, трэба будзе час, каб з’явіліся месцы для забаваў і нават месцы, дзе ты проста зможаш быць сабой.

Прадстаўнікоў ЛГБТ сёння ў Беларусі патэнцыйна ўсіх бяруць на аловак.

 

Каб ты вяртаўся ў Беларусь, што б ты прывёз з сабой?

Першае, што я б прывёз, гэта грошы (смяецца). І тады ЛГБТ-саўну ў Мінск (смяецца)… з басейнам.

Я застануся свабодным і адкрытым. Прывязу гэта з сабой, а таксама разуменне, што ў ЛГБТ-супольнасці рэальна ёсць правы. Мы вельмі часта сутыкаліся з парушэннямі правоў, і мы можам дапамагчы ў змаганні за правы і свабоды іншых людзей, мы ў гэтым вельмі добра разбіраемся.

Штодзень
Фота: з прыватнага архіва Яўгена Карпаўца

Просім падтрымаць нас на патрэоне.

Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.

Related posts

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Уладзіслаў «Нож» Наважылаў выпусціў новую песню Rinkimai («Выбары»), упершыню на літоўскай мове

Бортнік: «Гэтыя выбары будуць самымі важнымі за ўвесь час існавання ЗША. На кон пастаўленая будучыня дэмакратыі»